«Ён агучыў сапраўдныя мэты Пуціна». Спыталі экспертаў, навошта Лукашэнка заявіў пра магчымае знішчэнне Украіны
25 лiстапада 2022 у 1669386120
«Зеркало»
Падчас візіту ў Арменію на пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі АДКБ Аляксандр Лукашэнка заклікаў Украіну «спыніцца», прыстрашыўшы, што ў адваротным выпадку краіна будзе цалкам знішчаная. Аднак ён не растлумачыў, што менавіта меў на ўвазе пад гэтымі словамі. Што меў на ўвазе Лукашэнка і хто быў адрасатам гэтага выказвання? «Люстэрка» спытала палітычных экспертаў.
На думку палітычнага аналітыка праекта «Позірк» Аляксандра Класкоўскага, словы Лукашэнкі - гэта пасланне ўкраінскаму кіраўніцтву.
- У гэтым кантэксце прагучала фраза, што цяпер усё ў руках Украіны. Я б завастрыў увагу на кантэксце, бо сам Лукашэнка не пагражае Украіне знішчэннем, - тлумачыць аналітык. - Ён увесь час падкрэслівае, што хоць мы падтрымліваем саюзніка, але самі людзей ва Украіне не забіваем. Лукашэнка хоча выглядаць менавіта міратворцам. Як ужо апошнім часам заўважылі многія аглядальнікі, Лукашэнка зрабіўся голасам Уладзіміра Пуціна. Тое, што Пуціну неяк не з рукі, няёмка самому казаць, артыкулюе Лукашэнка. Так і ў гэтым пытанні. Мне здаецца, за гэтымі яго словамі стаіць жаданне расійскага кіраўніцтва атрымаць перадышку ў гэтай так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі. Таму што ўсім ужо - і Пуціну таксама - зразумела, што яна пайшла абсалютна не па плане, крыва. Расійскае кіраўніцтва паклала ва Украіне дзясяткі тысяч найлепшых салдат, змарнавала ракеты, загубіла шмат тэхнікі. Ім, увогуле, патрэбная перадышка, каб аднавіць рэсурсы.
Пры гэтым аналітык адзначае, што адкочвацца «на пазіцыі да пачатку вайны» Расія не хоча: Крамлю патрэбная перамога хоць у нейкім выглядзе.
- Але акрамя гэтага ёй таксама патрэбная перадышка для аднаўлення сіл. Адсюль з'яўляюцца вось гэтыя ноткі. Гэта значыць, што Лукашэнка тут выступае рупарам Крамля. Дарэчы, ён прагаварыўся, што раней Пуцін, па сутнасці, ставіў задачу знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці. Атрымліваецца, што Лукашэнка перастараўся і агучыў сапраўдныя мэты Пуціна - знішчэнне Украіны як дзяржавы. Лукашэнка малюе страшнейшую апакаліптычную карціну. Гэта звязана, на маю думку, з тым, што змяніўся характар вось гэтай так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі, чаго ўжо не хавае і Расія.
Паводле словаў Класкоўскага, паколькі ў Расіі бліцкрыг не атрымаўся, цяпер у іх стаіць задача «стварыць пекла ўкраінцам, каб яны самі запатрабавалі ад свайго кіраўніцтва спынення вайны на любых умовах».
- То-бок Лукашэнка міжвольна ці не прагаворвае такім чынам, што цяпер Крэмль хоча паставіць Украіну на калені. Цяпер ужо, па сутнасці, абвешчаная татальная вайна, акцэнт зроблены на разбурэнне мірнай інфраструктуры, на тое, што гэтага пекла ўкраінцы не вытрымаюць. Вось такі кантэкст стаіць за гэтымі пасажамі Лукашэнкі, - заключае эксперт.
У расійскага палітолага Івана Праабражэнскага ёсць два здагадкі што да словаў Лукашэнкі:
- Сцвярджаць нічога, зразумела, нельга. Ёсць імавернасць таго, што Лукашэнка ў курсе нейкіх планаў Пуціна і вырашыў такім чынам іх агучыць. Трэба ўлічваць, што ён раней гаварыў пра рэфармаванне АДКБ - гэта была спроба ўцягнуць у арганізацыю Кітай. Атрымліваецца, што Лукашэнка чарговым разам спрабаваў падладзіцца пад Пуціна і падставіць яму плячо там, дзе яго пра гэта, можа, і не прасілі. І нешта за гэта ўзяць наўзамен. Ці, больш імаверна, ён хацеў бы атрымаць большую свабоду дзеянняў у параўнанні з той, якую мае цяпер. Асабліва з улікам таго, што дэ-факта Беларусь можна лічыць акупаванай дзяржавай, калі на яе тэрыторыі знаходзіцца расійская армія. Любое рэфармаванне з удзелам Кітая азначала б, што Лукашэнка можа абаперціся на кагосьці яшчэ, атрымаць мінімальную падтрымку і пачувацца ў адносінах з Расіяй трошкі вальней. Таму мне здаецца, што тут ён вядзе такую падвойную гульню: жадае і накінуць Пуціну, і пры гэтым паспрабаваць трошкі вылезці з-пад расійскага ціску.
Пры гэтым палітолаг дадае, што для таго каб рабіць манеўры ў адваротны ад Пуціна бок, Лукашэнку неабходна давесці яму лаяльнасць.
- Ён павінен усё гэта прадэманстраваць, і ён гэта выдатна разумее. І таму Лукашэнка дэманструе сваю прязнасць да Пуціна, адначасова спрабуючы заручыцца нейкай замежнай падтрымкай акрамя Расіі, - кажа эксперт.