Вывучылі бюджэты гарадоў і абласцей Беларусі на 2023-і. Там рэзка выраслі выдаткі на падрыхтоўку мабілізацыі — месцамі ў 100−200 разоў
27 студзеня 2023 у 1674807540
«Зеркало»
У канцы снежня мясцовыя саветы дэпутатаў зацвердзілі бюджэты гарадоў, раёнаў і абласцей Беларусі на 2023 год. Цяпер, пад канец студзеня, гэтыя дакументы пачалі публікавацца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Мы звярнулі ўвагу, што ў адным з раёнаў сумы, вылучаныя на забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі, выраслі ў параўнанні з 2022 годам у некалькі разоў. Праверылі яшчэ некалькі раёнаў - тое самае. Тады мы вырашылі вывучыць усе даступныя бюджэты. Карціна атрымалася трывожнай.
На дадзены момант афіцыйна апублікаваныя бюджэты ўсіх абласцей і Мінска. Аказалася, што ва ўсіх рэгіёнах выдаткі па графе «Нацыянальная абарона - забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі» (гэта адзіныя абаронныя выдаткі, ускладзеныя на мясцовыя ўлады) на 2023 год запланаваныя ў значна большым аб'ёме, чым у 2022-м.
Самы маленькі прырост выдаткаў - у Мінску і Гродзенскай вобласці. А вось у Гомельскай вобласці гэтая графа «пацяжэла» ў 1,8 разу, у Віцебскай і Брэсцкай - амаль у два разы. У бюджэце Магілёўскай вобласці на падрыхтоўку мабілізацыі наогул вылучылі ў 4,3 разу больш грошай, чым год таму, і ледзь не столькі ж, як ва ўсіх іншых рэгіёнах разам узятых.
Рэгіён / Выдаткі на мабілізацыю і іх доля ў бюджэце рэгіёна |
2023 год, рублёў / працэнт |
2022 год, рублёў |
Брэсцкая вобласць | 1 636 407 (0,065%) | 885 000 |
Віцебская вобласць | 1 832 051 (0,083%) | 996 601 |
Гомельская вобласць | 2 837 769 (0,1%) | 1 616 400 |
Гродзенская вобласць | 651 693 (0,038%) | 577 407 |
Мінская вобласць | 1 580 101 (0,066%) | 1 152 452 |
Магілёўская вобласць | 9 368 869 (0,37%) | 2 153 055 |
Мінск | 1 959 359 (0,021%) | 1 849 515 |
Па раёнах і гарадах пакуль апублікаваныя далёка не ўсе бюджэты - у Магілёўскай вобласці амаль усе, у Віцебскай - амаль напалову, у Брэсцкай і Мінскай - часткова. У Гомельскай і Гродзенскай - ніводнага.
Усяго мы знайшлі і прааналізавалі бюджэты 40 з лішнім раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання. Гэта больш чым траціна ўсіх раёнаў Беларусі. І гэтыя дакументы вельмі паказальныя.
Так, выявілася, што практычна ва ўсіх мясцовых бюджэтах на графу «Нацыянальная абарона - забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі» ў 2023 годзе таксама вылучылі прыкметна больш грошай, чым год таму. Як дзеляцца выдаткі па гэтай графе паміж абласнымі і мясцовымі бюджэтамі, мы не ведаем. Але вялікі прырост планаваных выдаткаў відавочны на абодвух узроўнях.
Што такое «забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі»
Згодна з законам «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі»:
- мабілізацыйная падрыхтоўка - сістэма мерапрыемстваў у мірны час па падрыхтоўцы эканомікі, дзяржаўных органаў, Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў, а таксама спецыяльных фарміраванняў, якія ствараюцца дзяржаўнымі органамі, да забяспечання абароны суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу РБ і задавальнення патрэбаў дзяржавы і патрэбаў насельніцтва ў ваенны час;
- мабілізацыя (поўная ці частковая) - комплекс мерапрыемстваў па пераводзе эканомікі і дзяржаўных органаў на працу ва ўмовах ваеннага часу, а таксама комплекс мерапрыемстваў вайсковай мабілізацыі;
- вайсковая мабілізацыя - комплекс мерапрыемстваў па пераводзе Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў на арганізацыйна-штатную структуру ваеннага часу, а таксама па іх укамплектаванні асабовым складам у адпаведнасці са штатамі і нормамі ваеннага часу, забяспечанні ўзбраеннем, ваеннай тэхнікай і матэрыяльнымі каштоўнасцямі за кошт створаных у мірны час дзяржаўнага і мабілізацыйнага матэрыяльных рэзерваў і рэсурсаў эканомікі.
У пералік мерапрыемстваў па забяспечанні мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі, у прыватнасці, уваходзяць наступныя:
- падрыхтоўка да правядзення вайсковай мабілізацыі і яе правядзенне;
- падрыхтоўка і арганізацыя забяспечання насельніцтва, медабслугоўвання, забяспечання сродкамі сувязі і транспартнымі сродкамі ў перыяд мабілізацыі і ў ваенны час;
- арганізацыя вайсковага ўліку ваеннаабавязаных і прызыўнікоў у дзяржаўных органах, арганізацыях;
- падрыхтоўка грамадзян па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях для камплектавання войскаў у мірны і ваенны час;
- правядзенне вучэнняў і трэніровак па мабілізацыйным разгортванні і выкананні мабілізацыйных планаў;
- падрыхтоўка тэхнікі для камплектавання войскаў і спецыяльных фарміраванняў у перыяд мабілізацыі і ў ваенны час;
- назапашванне, захоўванне і асвяжэнне матэрыяльных каштоўнасцяў у дзяржаўным і мабілізацыйным матэрыяльных рэзервах;
- стварэнне і падрыхтоўка запасных пунктаў кіравання дзяржорганаў да працы ва ўмовах ваеннага часу;
- правядзенне мерапрыемстваў па пераводзе дзяржорганаў і эканомікі Рэспублікі Беларусь на працу ва ўмовах ваеннага часу;
- падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў мабілізацыйных органаў.
Фінансаванне гэтых мерапрыемстваў ажыццяўляецца з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама іншых законных крыніц. Што менавіта фінансуюць мясцовыя бюджэты з пераліку вышэй, у законе выразна не прапісана. Парадак фінансавання вызначае Саўмін.
У многіх раёнах, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, сумы выдаткаў на мабілізацыю хоць і падраслі, але ўсё роўна застаюцца невялікімі - па дзве-тры тысячы рублёў, а, напрыклад, у Глыбоцкім раёне - наогул 760 рублёў. У некаторых такіх раёнах раней выдаткаў на мабілізацыю амаль не было - а сёлета яны рэзка пайшлі ўверх: напрыклад, у Крычаўскім раёне - у 13 разоў (да 6,8 тыс. рублёў), у Касцюковіцкім - у 9 разоў (да 16,6 тыс. рублёў). А ў Глускім - наогул у 26 разоў: са 130 рублёў да 3390.
Буйныя і нашмат большыя, чым раней, сумы выдаткаў на падрыхтоўку мабілізацыі можна адзначыць у Оршы (23 тысячы рублёў, рост у 14 разоў), Лунінцы (42 тысячы, рост у 2,5 разу), Віцебску (79 тысяч, рост амаль удвая), Бабруйску (66 тысяч, рост у 11 разоў).
Толькі ў сямі з разгледжаных раёнаў (напрыклад, Уздзенскім, Клецкім, Дрыбінскім і Бабруйскім), а таксама ў горадзе Магілёве выдаткі на мабілізацыю сёлета знізяць, яшчэ ў адным раёне сума засталася без зменаў. Мацней за ўсё вылучаецца Браслаўскі раён: летась там выдаткавалі на мабілізацыю цэлыя 92 тыс. рублёў, у гэтым - 9,7 тыс., то-бок у дзевяць разоў менш. Акрамя таго, у Мінскім раёне летась вылучылі 391 тыс. рублёў, а сёлета нашмат менш - 125 тысяч.
У большасці раёнаў выдаткі на мабілізацыйную падрыхтоўку нават пасля шматразовых павышэнняў займаюць толькі нязначную долю мясцовага бюджэту - у асноўным да 0,03%. Але не ўсюды.
Лідары росту
Сярод раёнаў і гарадоў, чые бюджэты ўжо раскрытыя, мы вылучылі тыя, дзе на падрыхтоўку мабілізацыі сёлета вырашылі выдаткаваць больш за ўсё - і нашмат больш, чым у 2022-м.
Так, у Быхаўскім раёне летась у бюджэце нават не было графы «на мабілізацыю». Сёлета выдаткі складаюць 91 тыс. рублёў. У Слуцкім раёне выдаткі выраслі больш чым у сем разоў - да 126 тыс. рублёў. У Баранавічах - з 50 тыс. да 134 тыс. рублёў.
Самы вялікі скачок выдаткаў на падрыхтоўку да мабілізацыі адбыўся ў двух райцэнтрах Магілёўшчыны. У Асіповіцкім раёне яны выраслі з 1,5 тыс. да 201 тыс. рублёў, то-бок у 134 разы. А ў Чавускім раёне - наогул з 942 да 210 тыс. рублёў, у 223 разы.
У абсалютных лічбах лідарамі гэтай мабілізацыйнай гонкі аказаліся суседнія Кобрынскі раён і горад Пінск (у Пінскім раёне гэтай графы ў бюджэце няма). У іх вылучаныя амаль аднолькавыя сумы, і яны велізарныя: у Пінску - 4 млн 367,6 тыс. рублёў, у Кобрынскім раёне - 4 млн 364,6 тыс. Гэта больш, чым увесь бюджэт па дадзенай графе Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей разам узятых. Пры гэтым летась Пінск выдаткаваў на гэтыя мэты ўсяго 56 тыс. рублёў (у 78 разоў менш), а Кобрын - 101 тыс. (у 43 разы менш).
Раён / Выдаткі на мабілізацыю | 2023 год, рублёў / працэнт мясцовага бюджэту | 2022 год, рублёў / працэнт мясцовага бюджэту |
Пінск | 4 367 600 (1,47%) | 56 000 (0,023%) |
Кобрынскі раён | 4 364 600 (2,44%) | 101 000 (0,07%) |
Чавускі раён | 210 530 (0,4%) | 942 (0,01%) |
Асіповіцкі раён | 201 000 (0,2%) | 1500 (0,0017%) |
Баранавічы | 134 000 (0,037%) | 49 913 (0,017%) |
Слуцкі раён | 126 100 (0,06%) | 17 000 (0,01%) |
Быхаўскі раён | 91 250 (0,12%) | нуль |
Для мясцовых бюджэтаў гэта, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў, ужо вельмі адчувальныя грошы. Калі ў Пінску на мабілізацыю вылучылі 1,5% бюджэту, то ў Кобрыне - 2,44%.
Сума ў 4,3 млн рублёў - гэта больш бюджэтных грошай, чым Пінск і Кобрын за цэлы год выдаткоўваюць на гарадскі транспарт або на сферу культуры. Гэта супастаўна з выдаткамі на ўсю сацыяльную абарону або на дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі. У Пінску мабілізацыйныя мерапрыемствы абыдуцца ў палову гадавога бюджэту ўсёй сферы ЖКГ, а ў Кобрыне - даражэй, чым добраўпарадкаванне тэрыторый раёна.
Чым выкліканы такі велізарны рост выдаткаў на падрыхтоўку да мабілізацыі менавіта ў пералічаных раёнах, мы не ведаем. Некаторыя з іх вылучаюцца ў ваенным аспекце: Баранавічы і Асіповічы - буйныя вузлы, дзе сыходзяцца транспартныя шляхі і сканцэнтраваныя вайсковыя аб'екты, палігоны; у Быхаве ёсць закінуты вайсковы аэрадром, адзін з найважнейшых у часы СССР. Зрэшты, выдаткі на вайсковую інфраструктуру графа «забяспечанне мабілізацыі» ўключаць не мусіць.
Зводная табліца выдаткаў на мабілізацыйную падрыхтоўку мясцовых бюджэтаў на 2023 год, апублікаваных да 27 студзеня
Раён / Выдаткі на мабілізацыю | 2023 год, рублёў | 2022 год, рублёў |
|
||
Слуцкі раён | 126 100 | 17 000 |
Мінскі раён | 125 000 | 391 000 |
Клецкі раён | 55 000 | 68 000 |
Салігорскі раён | 21 000 | 7500 |
Лагойскі раён | 19 000 | 16 000 |
Смалявіцкі раён | 11 940 | 8700 |
Уздзенскі раён | 5500 | 25 500 |
г. Жодзіна | 2100 | нуль |
|
||
г. Пінск | 4 367 600 | 56 000 |
Кобрынскі раён | 4 364 600 | 101 000 |
г. Баранавічы | 134 000 | 49 913 |
Лунінецкі раён | 41 625 | 17 000 |
Івацэвіцкі раён | 20 000 | 15 000 |
Ганцавіцкі раён | 14 000 | 14 000 |
|
||
г. Віцебск | 79 220 | 43 200 |
Аршанскі раён | 22 960 | 1600 |
Мёрскі раён | 16 460 | 13 740 |
Шумілінскі раён | 12 960 | 6600 |
Талачынскі раён | 10 460 | 7375 |
Браслаўскі раён | 9720 | 91 990 |
Расонскі раён | 2260 | 2380 |
Глыбоцкі раён | 760 | 400 |
|
||
Чавускі раён | 210 530 | 942 |
Асіповіцкі раён | 201 000 | 1500 |
Быхаўскі раён | 91 250 | нуль |
г. Бабруйск | 65 250 | 6070 |
г. Магілёў | 64 675 | 88 535 |
Чэрыкаўскі раён | 21 693 | 4320 |
Касцюковіцкі раён | 16 640 | 1750 |
Бабруйскі раён | 10 127 | 17 000 |
Крычаўскі раён | 6795 | 536 |
Горацкі раён | 5950 | 1358 |
Круглянскі раён | 5872 | 3900 |
Мсціслаўскі раён | 5725 | 1800 |
Краснапольскі раён | 4750 | 2410 |
Хоцімскі раён | 3872 | 1240 |
Глускі раён | 3390 | 130 |
Шклоўскі раён | 3285 | 1900 |
Бялыніцкі раён | 3150 | 1210 |
Слаўгарадскі раён | 3076 | 420 |
Клімавіцкі раён | 2165 | 300 |
Кіраўскі раён | 2005 | 454 |
Клічаўскі раён | 1695 | 1100 |
Дрыбінскі раён | 1230 | 1775 |
Нагадаем, у рэспубліканскім бюджэце на гэты год у цэлым вельмі выраслі выдаткі на нацыянальную абарону: з 1,8 млрд рублёў у 2022 годзе да 2,8 млрд у 2023-м. З іх 110 млн пойдуць якраз на забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі. У 2022-м на гэта вылучалі 93 млн рублёў, раней - менш.