Даць прафесарам «шахцёрскі заробак» прапанаваў Аляксандру Лукашэнку намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец 3 снежня на сустрэчы з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук. Відэа іх дыялогу апублікавала прэс-служба палітыка.
Косінец заявіў, што заробак прафесарска-выкладчыцкага складу мусіць быць «не ніжэйшы за заробак шахцёраў».
— Каб у іх была матывацыя, імкненне, сацпакет, і яны павінныя думаць толькі пра навуку, — падкрэсліў намеснік старшыні УНС.
Лукашэнка на гэтую прапанову адрэагаваў крытычна.
— Давайце без агітацый. Казаць пра тое, што членкарам і шахцёрам трэба зарплата роўная, — гэта са сферы папулізму. Вы не назвалі ні адной крыніцы. Забяром у шахцёраў грошы і аддамо навукоўцам? Хацелася б, каб былі прапановы, дзе ўзяць. Вось гэта будзе важна, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Косінец на гэта адказаў, што Нацыянальная акадэмія навук можа засяродзіцца на экспертнай дзейнасці і стаць своеасаблівым «дарадцам», калі, напрыклад, на тыя ці іншыя прадпрыемствы закупляюцца замежныя тэхналогіі.
— Напрыклад, тая ж атамная энергетыка, біяіндустрыя ці нафтахімічны комплекс. Каб не дапусціць у будучыні памылак, патрабуецца сур’ёзны экспертны падыход. І ў будучыні мы не можам страчваць значныя рэсурсы. Гэтых грошай хопіць на 100 гадоў, каб заплаціць заработную плату прафесарска-выкладчыцкаму складу, — заявіў сябра рабочай групы.
— Якіх? — удакладніў Лукашэнка.
— Якія зэканомім на правільным падборы магутнасцяў, абсталявання, не дапускаючы памылак падчас закупкі пэўных установак, якія ў будучыні не могуць перапрацаваць зададзеную колькасць, — растлумачыў Аляксандр Косінец.
— Я хачу пачуць пункт гледжання сябраў рабочай групы. Потым мы вызначымся, як дзейнічаць, каб выйсці на сход тых самых акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў, спецыялістаў галіновай навукі, навукі ВНУ, — адзначыў Лукашэнка. — Можа, у нас сапраўды дактары і акадэмікі, кандыдаты зарабляюць не тую заработную плату, трэба ім павялічыць яе ў пяць разоў (не ведаем толькі, дзе грошы знайсці). Мы зыходзілі з таго, што мусіць быць вынік. І за вынік ні ў якім разе нельга шкадаваць грошай.
Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад распрацоўку беспілотнікаў. На яго думку, гэтаму кірунку навукоўцы надаюць мала ўвагі, а гэтае ўзбраенне сёння як ніколі актуальнае.
— Рэч не ў заробках. У нас што, усе на акладах будуць сядзець? Па 8−10 тысяч мы будзем дактарам і кандыдатам плаціць, і ўсё добра? А за што плаціць? І потым. Вы што, не разумееце, як у нас абараняюць доктарскія і кандыдацкія? Пры тым жорсткім кантролі, які сёння ажыццяўляецца з боку прэзідэнта. І потым вы кажаце: трэба плаціць як шахцёру. Але шахцёр накапаў і наверх падняў — можна палічыць. А тут, калі цяпер плаціць па вашым раскладзе, ні дактары, ні кандыдаты нічога не будуць рабіць напалову, — перакананы Лукашэнка. — Я не супраць таго, каб людзі атрымлівалі, але грошы павінныя быць заробленыя.
Палітык прапанаваў удзельнікам сустрэчы «перш чым уносіць прапановы пра заробкі», называць крыніцу, адкуль можна будзе ўзяць сродкі на гэты напрамак выдаткаў.
Чытайце таксама