У Рызе 4 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы пра выкраданне ў Саўлкрасты і забойстве прадпрымальніцы беларускага паходжання Ірыны Мінвалеевай. Абвінавачанымі па справе праходзяць двое грамадзян Расіі — Сяргей і Міхаіл Аляксеевы, а таксама трое грамадзян Украіны, аднак іх справа вылучаная ў асобную вытворчасць, піша Delfi.
Паводле версіі следства, злачынная група выкрала Мінвалееву, каб тая перапісала на іх элітны жыллёвы комплекс Sun Republic у Саўлкрасты, які часткова належыць ёй. Не атрымаўшы жаданага, яны забілі яе «пры асабліва абцяжарвальных абставінах».
Але следству па-ранейшаму невядома, дзе менавіта было здзейсненае забойства. Пра тое, ці было знойдзенае цела Мінвалеевай, дагэтуль не паведамлялася.
Што вядома пра лёс Мінвалеевай
40-гадовая грамадзянка Рэспублікі Беларусь, прадпрымальніца Ірына Мінвалеева ў Латвіі займалася нерухомасцю — ёй належала 30 кватэраў у жыллёвым комплексе Sun Republic у Саўлкрасты. 3 кастрычніка 2019 года жанчына знікла. Паводле сваякоў, апошнім чалавекам, з якім яе бачылі ў той дзень, быў нейкі «кліент», што нібыта цікавіўся купляй адной з кватэраў.
На запісе камер відэаназірання відаць, як у 16.09 Мінвалеева разам з «пакупніком» пакінудае тэрыторыю комплексу і кіруецца ў бок Скултэ. Неўзабаве пасля гэтага жанчына перастала адказваць на званкі і знікла без вестак.
Абвінавачаныя расіяне
Як сцвярджае партал Kompromat.lv, абвінавачанымі па справе праходзяць двое расіян, якія атрымалі ў Латвіі статус палітычных бежанцаў: Сяргей і Міхаіл Аляксеевы (1956 і 1984 гадоў нараджэння).
Сяргей Аляксееў раней ужо прыцягнуў да сябе публічную ўвагу ў Латвіі ў 2014 годзе — менавіта ён арганізаваў скандальную выставу ў цэнтры Рыгі «Людзі Майдана».
Спасылаючыся на сваякоў прадпрымальніцы, Сяргей і Міхаіл нібыта выйшлі на сувязь з Ірынай пад выглядам пакупнікоў у 2017 годзе. Аднак пасля агляду кватэраў мужчыны раптам заявілі, што насамрэч шукаюць падтрымкі для свайго «Фонду Адраджэння Латвіі» (Latvijas atjaunošanas biedrība) — ім патрэбныя ахвяраванні і рэклама арганізацыі сярод жыхароў Sun Republic. Мінвалеева ад супрацоўніцтва адмовілася і перадала інфармацыю пра гасцей ахове комплексу.
Паўторна Аляксееў аб’явіўся ў 2018 годзе — і ўжо нібыта з пагрозамі: расіянін сцвярджаў, што «бізнесоўцы абавязаныя дапамагаць арганізацыі», «праяўляць лаяльнасць да Латвіі і каштоўнасцяў дэмакратыі». У адваротным выпадку «ўзнікнуць праблемы з відам на жыхарства і могуць адабраць бізнес».
Сяргей Аляксееў папрасіў у Мінвалеевай даць яму кантакты жыхароў Sun Republic, але атрымаў адмову. Аднак быў настойлівы — у ліпені 2019 года Ірына зноў сустрэла яго на тэрыторыі комплексу, калі паказвала кватэры. Размова была рэзкай — мужчына ўжо адкрыта пагражаў беларусцы высылкай з Латвіі. Усё гэта адбылося пры сведках. Далей кантакты Ірыны з Аляксеевым спыніліся, сцвярджае Kompromat.lv.
Апошняя сустрэча з «кліентам» — суўдзельнікам Аляксеевых
У тым самым месяцы з Мінвалеевай пад выглядам чарговага пакупніка нібыта звязаўся нейкі «Аркадзь Шлосберг». Як адзначаюць сваякі Ірыны (з яе ж словаў), у электронных лістах ён выдаваў сябе за расійскага чыноўніка перадпенсійнага ўзросту і «дэманстраваў добрае валоданне літаратурнай рускай мовай».
Аднак пазней жанчына расказвала, што на сустрэчу прыйшоў мужчына 33−37 гадоў, спартыўнага целаскладу і з даволі бедным слоўнікавым запасам. Мінвалеева перадала яму ўсе неабходныя звесткі пра ўласнасць, некалькі разоў кліент запісваўся на прыём, абяцаў прыехаць з жонкай, але раз за разам сустрэчу адмяняў.
Урэшце яны сустрэліся — 3 кастрычніка ў 15.30.
Паводле версіі следства, пад выглядам кліента Ірыну адвёў у невядомым кірунку грамадзянін Украіны Сяргей Бацяшоў — былы баец расфармаванага ўкраінскага батальёна «Тарнада». Як мяркуецца, менавіта ён за змякчэнне прысуду раскрыў усе абставіны справы, піша Rus.LSM.
Што адбылося пасля знікнення Мінвалеевай
Як сцвярджае следства, пасля выкрадання меркаваныя злачынцы дамагаліся, каб Мінвалеева перапісала на іх комплекс Sun Republic. Потым яны зрабілі новую спробу займець маёмасць — ужо з дапамогай фальшывай даверанасці.
У матэрыялах справы гаворыцца, што падсудныя адвезлі закладніцу ў нявысветленае месца і пачалі душыць. Калі наступіла смерць жанчыны, абвінавачаныя кінулі яе ў загадзя выкапаную яму і закапалі.
Абвінавачаныя мелі ў сваім распараджэнні правы кіроўцы і пашпарт забітай жанчыны. Яны вырашылі, што з дапамогай гэтых дакументаў змогуць знайсці натарыуса, які выдасць ім фальшывую даверанасць на атрыманне маёмасці прадпрымальніцы.
Пра стварэнне фальшывай даверанасці абвінавачаныя дамовіліся з яшчэ адным грамадзянінам Украіны. «Дакумент» быў адпраўлены ў Латвію праз міжнародную лагістычную кампанію. Пасля прыбыцця ў краіну фальшывая даверанасць была канфіскаваная паліцыяй.
Самі абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны ў здзяйсненні злачынстваў і заяўляюць, што абвінавачанне — «заказное», носіць «палітычны характар» і закліканае «нанесці значную шкоду латвійска-ўкраінскім адносінам».