Суд прызначыў 28-гадоваму мінчуку 3,5 года пазбаўлення волі за крадзеж і рабаванне, піша агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру.
Паводле матэрыялаў справы, мужчына піў спіртныя напоі разам з прыяцелем. Пасля яны пайшлі на АЗС, каб купіць яшчэ спіртнога. Па дарозе назад абвінавачаны адышоў справіць патрэбу і заўважыў мужчыну, які спаў на газоне, а побач з ім — торбу. У ёй ён знайшоў 12 тысяч даляраў і забраў іх сабе. Мужчыны абмянялі 300 даляраў і на таксі паехалі ў саўну з дзяўчатамі лёгкіх паводзінаў.
Тыдзень абвінавачаны траціў скрадзеныя грошы, а калі тыя скончыліся, папаўся на новым злачынстве — скраў у краме двухлітровую бутэльку піва. Яго затрымалі.
Падчас следства высветлілася, што мужчына, у якога скралі грошы, планаваў купіць аўтамабіль, аднак угода не адбылася. Ён сустрэўся са знаёмай, пасля чаго яны выпілі. Дайсці дадому ён не змог і заснуў проста на газоне.
Суд прызнаў мінчука вінаватым у крадзяжы і рабаванні і асудзіў на 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 4000 рублёў. Акрамя таго, ён мусіць кампенсаваць пацярпеламу нанесеную маёмасную шкоду.