Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Роўна 40 гадоў таму, 19 лістапада 1982-га, мінскае «Дынама» першы і апошні раз стала чэмпіёнам Савецкага Саюза. Успамінаем гісторыю поспеху гэтай каманды, скандалы, звязаныя з яе гульнёй (клуб падазравалі ў здачы матчаў), а таксама ацэньваем ролю той перамогі для беларускага футбола.

«Шчыры футбол»

Мінскае «Дынама», якое выступала ў вышэйшай лізе чэмпіянату СССР па футболе, ніколі не было фаварытам гэтага турніру. У яго гісторыі былі дзве яркія ўспышкі: бронзавыя медалі ў 1954-м і 1963-м. Пры гэтым тыя поспехі практычна не мелі працягу, а сама каманда перыядычна вылятала з эліты савецкага чэмпіянату.

Апошні раз гэта здарылася ў 1976-м. Вярнуцца ў вышэйшую лігу адразу не атрымалася, і праз два гады галоўным трэнерам каманды стаў Эдуард Малафееў. У мінулым — славуты форвард, які гуляў у мінскім «Дынама» і зборнай СССР (у складзе апошняй ён спрычыніўся да самага гучнага поспеху савецкага футбола — чацвёртага месца на чэмпіянаце свету ў 1966-м). За год да гэтага экс-футбаліст пачаў першую самастойную трэнерскую працу ў Брэсце, а затым яго адправілі ратаваць родны калектыў. Эдуард Васільевіч (па ініцыялах яго называлі ЭВМ) у тым жа годзе здолеў вярнуць «Дынама» ў эліту, дзе клуб заняў шостае месца.

У наступныя не самыя ўдалыя з пункту гледжання вынікаў два гады працягвалася будаўніцтва каманды. Пазбавіўшыся некалькіх ветэранаў (напрыклад, папулярнага тады Уладзіміра Курнева), ён актыўна запрашаў у «Дынама» моладзь. Каманду ўспрымалі як зборную БССР — гэта быў адзіны прадстаўнік Беларусі ў эліце, таму на яго працавала ўся рэспубліка.

У выніку да 1982-га ў клубе склаўся ідэальны баланс маладосці і вопыту. Браму ў тым залатым сезоне цэментаваў Міхаіл Вергяенка — і нават забіў адзін гол з пенальці.

Апорай абароны быў Сяргей Бароўскі — другі пасля Малафеева прадстаўнік клуба, які адправіўся на чэмпіянат свету (пра гэта мы раскажам ніжэй). Разам з ім «ззаду» адпрацоўваў Юрый Курненін — у адным з матчаў хет-трык (абаронца забіў тры мячы ў адной гульні ўпершыню ў гісторыі вышэйшай лігі чэмпіянату СССР). Кампанію ім складаў Віктар Янушэўскі — за тры гады да гэтага ён разам з моладзевай зборнай Саюза дайшоў да фіналу чэмпіянату свету, дзе прайграў толькі аргентынцам на чале з маладым Дыега Марадонай.

Сярод паўабаронцаў вылучаліся Сяргей Гоцманаў, Сяргей Алейнікаў, Андрэй Зыгмантовіч (пра іх ніжэй), але сапраўднымі лідарамі былі Аляксандр Пракапенка і Юрый Пудышаў, якія ідэальна разумелі адзін аднаго.

Александр Прокопенко. Фото: wikimedia.org
Аляксандр Пракапенка. Фота: wikimedia.org

«Унікальнасць Пракопа (такую мянушку далі Пракапенку заўзятары. — Заўв. рэд.) заключалася ў тым, што ён аднолькава выдатна гуляў з мячом і без яго. Галы ж, не маючы моцнага ўдару, забіваў незапамінальныя, нібыта непераканаўчыя: падрэзкай у кут, высунуўшы галаву на апярэджанне, з таўханіны, з пратыку… Наўрад ці заўзятар здолее вышкрабці з памяці і дзясятак з няпоўнай сотні Пракопавых мячоў, але паказальна, што шэдэўральны гол у браму кіяўлян (які не прынёс, дарэчы, мінчанам перамогі, а ўсё роўна галоўны, адзіны на ўсе часы) з тых, хто бачыў, не забудзе ніхто,<…>, — успамінаў у кнізе „Миг и судьба“ журналіст Васіль Сарычаў. — Цяжкае кастрычніцкае поле, адсутнасць момантаў, глейкасць барацьбы… 36-я хвіліна, Пудышаў адкрываецца направа, за ім нясецца [гулец кіяўлян] Бурак, але не паспявае — пас кідаюць на ход уразрэз. Пудзік (мянушка Пудышава. — Заўв. рэд.), з цяжкасцю наганяючы мяч, ад самай лініі брамы страляе ўздоўж — і далей азарэнне геніяльнасці, ўспышка, цуд! — Пракоп, прапусціўшы мяч пад сабой, раптам робіць рух пяткай, пускаючы лёгенькага „сваяка“ ў далёкую лузу. [Брамнік кіяўлян] Чанаў, які пісьменна закрываў блізкі кут, сеў на калені, рэагуючы на чаканы ўдар, якога не было, і толькі бездапаможным позіркам праводзіў мяч, што ўпаўзаў побач з другой штангай. Гэтая знаходлівая пятка, паўзучы мяч, здзіўлены Чанаў — адбітак шчасця, які працягваем несці ў сабе <…> пяцьдзясят тысяч хлапчукоў, хлопцаў і мужчын, што ўскочылі тады ў адным парыве, як ні склаўся ў кожнага ў гэтыя дваццаць гадоў лёс».

У нападзе саліравалі Георгій Кандрацьеў і Ігар Гурыновіч. Пра першага раскажам пазней, а другі разам з Янушэўскім гуляў супраць Марадоны, лічыўся новай зоркай савецкага футбола і стаў у чэмпіёнскім сезоне галоўным бамбардзірам каманды, забіўшы 13 галоў. На жаль, яго кар’еру ў далейшым знішчылі траўмы.

Зразумела, гульцоў, якія выходзілі на поле, было нашмат больш. Мы ўспомнілі толькі пра тых, хто зрабіў найбольшы ўнёсак у поспех і часцей за іншых выходзіў на поле.

Апісанне гола Пракапенка, прыведзенае вышэй, сімвалічнае. Малафееў вызнаваў ідэю «шчырага футбола». Ён настойваў на гульні ў атацы, якая прыносіць радасць заўзятарам. Вітаў імправізацыю, але пры гэтым каманда была надзіва сыгранай. «Мы з заплюшчанымі вачыма адчувалі адзін аднаго, хто дзе адкрыецца, куды перадачу аддаваць», — пісаў у мемуарах Сяргей Алейнікаў.

Малафееў выступаў супраць дамоўных матчаў (іранічна, што пазней у заўзятараў склалася супрацьлеглае ўражанне). Таксама ён запрашаў у каманду псіхолагаў, асобныя трэніроўкі праходзілі на хакейных пляцоўках. На перадматчавых устаноўках ЭВМ любіў расказваць прыпавесці, матываваць футбалістаў. Тады ўсё гэта ўспрымалася ў навінку.

Мінчукі стартавалі ў канцы сакавіка 1982 года з дзвюх перамог над маскоўскім «Дынама» і «Спартаком». Затым прытармазілі, але ў траўні пасля дзесяці тураў узначалілі табліцу. На летні перапынак (пра яго ніжэй) яны сыходзілі другімі, але пасля яго змаглі выйсці на першае месца. Прэтэнзіі на лідарства пацвердзіў і матч з кіеўскім «Дынама», выйграны з лікам 3:2.

На першым месцы мінчукі заставаліся практычна да канца першынства. Лёс чэмпіёнства мусіў вырашыцца ў двух апошніх матчах.

Месячная паўза і чуткі пра здачу матчаў

Игра минского "Динамо" в 1982 году. Фото: fc-dynamo.ru
Гульня мінскага «Дынама» ў 1982 годзе. Фота: fc-dynamo.ru

У перамозе мінскага «Дынама» ў чэмпіянаце СССР былі два важныя нюансы.

Першы — ЧС-1982, які праходзіў у тым годзе. Дзеля сусветнага першынства саюзны чэмпіянат спынілі на месяц, і гэтая паўза стала адным са складнікаў поспеху (зразумела, не адзіным).

У Іспанію зборную павёз Канстанцін Бескаў, галоўны трэнер маскоўскага «Спартака». У яго камандзе дамінавалі футбалісты трох вядучых тады клубаў: кіеўскага і тбіліскага «Дынама», а таксама яго спартакаўцы. Каб палепшыць паразуменне з гульцамі, Бескаў прапанаваў дадаць у трэнерскі штаб галоўных трэнераў двух іншых клубаў: кіяўляніна Валерыя Лабаноўскага і тбілісца Надара Ахалкацы.

Але трэнерскія стылі гэтых людзей былі зусім рознымі. Лабаноўскі быў адэптам прэсінгу і жорсткай фізічнай падрыхтоўкі, Бескаў — камбінацыйнага футбола, Ахалкацы рабіў стаўку на тэхніку і індывідуальнае майстэрства сваіх спартоўцаў. Спроба сумясціць усе тры падыходы ў рамках адной каманды аказалася правальнай.

З першынства спартоўцы вярнуліся фізічна стомленымі, а яшчэ (разам з трэнерамі) псіхалагічна надламанымі (для выхаду ў паўфінал не хапіла ўсяго аднаго гола: з палякамі патрэбная была перамога, а яны згулялі 0:0). Між тым трэба было рэзка перастройвацца на справы ўнутранага чэмпіянату. А вось Малафееў правёў паўзу дома практычна з усёй камандай — ад’езд Бароўскага на сусветнае першынства не паўплываў на яе патэнцыял.

Другі нюанс — чуткі пра здадзеныя сапернікамі гульні. На фінішы сезона мінчукам трэба было перамагчы ў двух апошніх матчах у Маскве супраць мясцовага «Дынама» і «Спартака». У адваротным выпадку іх апярэдзіла б кіеўскае «Дынама», якое гналася за лідарам. Розніца паміж мінчанамі і кіяўлянамі перад двума фінальнымі турамі складала адзін бал — але тады за перамогу давалі два ачкі, а не тры, як цяпер.

16 лістапада мінчукі з лікам 7:0 разграмілі сваіх маскоўскіх аднаклубнікаў — гэта было самае буйное паражэнне для тых у гісторыі. Але некаторыя лічаць, што вынік матча быў вызначаны загадзя — выданне «Трыбуна» прыводзіла ў сваім тэксце два сведчанні пра тую сустрэчу. У 2018-м расійскі журналіст Сяргей Мікулік напісаў пра матч: «Самы карыкатурны дамоўны матч на маёй доўгай ужо цяпер памяці. Вынік быў спушчаны з нарады ў Цэнтральным савеце [Усесаюзнага фізкультурна-спартыўнага таварыства] „Дынама“, але ніхто не думаў, што Малафееў возьмецца так шчыра граміць сваіх. Генералы нават хадзілі ўгаварыць трэнера ў перапынку, але той зрабіў выгляд, што ні пра якія дамоўленасці не ведае». Тэлекаментатар Уладзімір Пературын дадаваў, што Малафееў нібыта «тэлефанаваў [трэнеру масквічоў] Вячаславу Салаўёву і склад вызначаў».

Фото: fcbate.by
Юрый Пудышаў. Фота: fcbate.by

19 лістапада мінчукі сустрэліся са «Спартаком». Масквічы адкрылі лік. «Дынама» пасля гэтага забіла адразу чатыры галы, на якія «Спартак» адказаў двума. Агульны лік — 4:3 на карысць Мінска. Дзве паралельныя перамогі кіеўскага «Дынама» ўжо нічога не вырашалі. Падапечныя ЭВМ упершыню сталі чэмпіёнамі СССР. У Мінску цягнік, які прыбыў з тагачаснай савецкай сталіцы, сустракаў захопленая натоўп фанатаў.

Абаронца «Спартака» Аляксандр Бубноў, які прыйшоў у маскоўскую каманду ў наступным сезоне, сцвярджаў, што Бескаў «на сходах не раз успамінаў, як дапамаглі мінскаму „Дынама“ стаць чэмпіёнамі. Матч ён не называў дамоўным, таму што аддалі гульню ў піку кіяўлянам, ворагам „Спартака“. [Футбаліст, які гуляў супраць „Дынама“, Юрый] Гаўрылаў расказваў, што Курненін з Пудышавым прыехалі проста на базу і дамовіліся». Не сумняваўся ў змове і каментатар Пературын.

Доказаў гэтым фактам няма, толькі прыведзеныя сведчанні. Ці верыць ім — справа кожнага. Важна, што мінчукі і так ехалі на матчы лідарамі чэмпіёнскай гонкі і пры любым раскладзе засталіся б у тройцы. Ды і перамагчы саперніка ім было цалкам пад сілу, што даказвалі папярэднія гульні сезона, у тым ліку матч з кіеўскім «Дынама».

Асадак ад такіх абвінавачванняў, безумоўна, застаўся. Але такі варыянт нельга назваць немагчымым. Мінскае «Дынама» грашыла дзіўнымі матчамі ў канцы 1980-х, калі яго зноў трэніраваў Малафееў. Журналісты і заўзятары таго часу не сумняваліся ў іх перадвызначанасці. У змене поглядаў ЭВМ, які гаварыў пра «шчыры футбол», ёсць свая сумная іронія. Але, магчыма, досвед канца 1980-х праецыююць на падзеі пачатку дзесяцігоддзя.

Зрэшты, мы ўпэўненыя, што перамога мінчукоў была невыпадковай і лагічнай.

Невыпадковая перамога

Минское "Динамо" - чемпион СССР 1982 года. Фото: fc-dynamo.ru
Мінскае «Дынама» — чэмпіён СССР 1982 года. Фота: fc-dynamo.ru

На карысць невыпадковасці той перамогі можна прывесці два дадатковыя аргументы.

Першы — удалае выступленне ў еўракубках. У васьмідзясятыя мінчукі дайшлі да чвэрцьфіналаў усіх трох прэстыжных еўрапейскіх турніраў — Кубка чэмпіёнаў (папярэднік Лігі чэмпіёнаў), Кубка УЕФА і Кубка кубкаў. Прычым ва ўсіх трох выпадках гулялі годна і цалкам маглі прайсці далей.

Другі — паспяховая кар’ера футбалістаў за межамі «Дынама». Пра Віктара Янушэўскага і Георгія Кандрацьева мы пагаворым ніжэй. Апошні, дарэчы, забіў чатыры галы ў 14 матчах за нацыянальную зборную СССР. Гэта здарылася, калі каманду ўзначальваў Малафееў, які давяраў сваім учорашнім падапечным.

Перад чэмпіянатам свету — 86 пайшлі няўдачы ў таварыскіх матчах — каманду ўзначаліў Валерый Лабаноўскі. Кар’ера Кандрацьева ў зборнай на гэтым завяршылася. Ды і наогул Лабаноўскі пакінуў у зборнай толькі беларуса Сяргея Алейнікава. Кар’ера апошняга склалася найбольш удала: два чэмпіянаты свету (1986 і 1990) і два — Еўропы (1988 і 1992), гульня ў італьянскіх «Ювентусе» і «Лечэ», у Японіі і Швецыі, срэбра чэмпіянату Еўропы — 88 і выйгрыш кубка УЕФА — 90.

Пазней кампанію Алейнікаву ў зборнай складалі Сяргей Гоцманаў (на Еўра-88) і Андрэй Зыгмантовіч (ЧС-90). Першы пасля адкрыцця жалезнай заслоны гуляў у Англіі, другі — у Іспаніі (прычым у Ла Лізе — за ўсю гісторыю беларускага футбола такіх гульцоў усяго чатыры).

Дарэчы, усе згаданыя гульцы — акрамя рана памерлага Янушэўскага — гулялі і за зборную Беларусі пасля здабыцця краінай незалежнасці.

Ды і ў цэлым многія гульцы мінскага «Дынама», якія сталі чэмпіёнамі ў 1982-м, займалі вядучыя ролі ў беларускім футболе пасля завяршэння кар’еры. Галоўнымі трэнерамі нацыянальнай зборнай былі чатыры былыя гульцы клуба: Вергяенка, Бароўскі, Кандрацьеў (па цікавым супадзенні ўсе трое — двойчы) і Зыгмантовіч — апошні два матчы быў выканаўцам абавязкаў, але так і не быў зацверджаны. Кіраваў нацыянальнай камандай і Малафееў.

Моладзевую зборную ўзначальвалі Іван Савосцікаў (у 1982-м — трэнер каманды, які дапамагаў ЭВМ), Курненін, Кандрацьеў і Людас Румбуціс, які выходзіў на поле радзей, чым яго калегі. А Пудышаў быў асістэнтам у абедзвюх камандах.

Кропка, пастаўленая стваральнікам каманды

Эдуард Малофеев
Эдуард Малафееў. Фота: TUT.BY

У наступным годзе пасля перамогі ў чэмпіянаце СССР завяршыў кар’еру брамнік Міхаіл Вергяенка, у тым жа 1983-м за сістэматычныя парушэнні рэжыму адлічылі Аляксандра Пракапенку, у 1984-м праз канфлікты з кіраўніцтвам сышоў Юрый Пудышаў.

Але касцяк клуба захоўваўся. Таму «Дынама» не стала камандай-аднадзёнкай і яшчэ некалькі гадоў выступала на досыць высокім узроўні. У 1983-м была заваяваная бронза (хоць пасярод сезона з клуба сышоў Эдуард Малафееў, які пераехаў у Маскву), у наступныя два гады мінчукі спыняліся недалёка ад медалёў, заняўшы адпаведна пятае і чацвёртае месца.

У 1986-м наступіў спад. Апошняй выбліскам стаў 1987-ы, калі «Дынама» дайшло да фіналу кубка СССР (мінчукі драматычна прайгралі па пенальці, хоць падчас матча вялі 3:1) і заняло пятае месца ў чэмпіянаце. Пасля гэтага каманда пасыпалася.

Кропку ў гісторыі той каманды паставіў яе стваральнік: у 1988-м Малафееў зноў прыняў «Дынама». Да таго часу частка чэмпіёнаў завяршыла кар’еру, іншыя перайшлі на ўзровень ніжэй. Астатнія футбалісты выступалі няўдала, і ў рамках палітыкі амаладжэння трэнер адлічыў Віктара Янушэўскага і Георгія Кандрацьева. Першы пазней стаў чэмпіёнам СССР у складзе ЦСКА, другі ўдала выступаў у іншых камандах і ўвайшоў у клуб Рыгора Фядотава, куды ўключаліся савецкія футбалісты, якія забілі 100 і больш галоў на найвышэйшым узроўні. Сярод прадстаўнікоў Беларусі Кандрацьеў стаў у ім другім пасля Малафеева.

Гэта паказвае, што да таго моманту два футбалісты яшчэ не сышлі з арбіты, а прэтэнзіі за адлічэнне гульцоў можна выстаўляць самому ЭВМ, які вырашыў будаваць новую каманду. Але на гэтым у гісторыі «Дынама-82» можна паставіць кропку.

Галоўнае дасягненне беларускага футбола ці не?

Игра минского "Динамо" в 1982 году. Фото: fc-dynamo.ru
Гульня мінскага «Дынама» ў 1982 годзе. Фота: fc-dynamo.ru

За 40 гадоў перамога мінскага «Дынама» ў чэмпіянаце СССР застаецца адным з галоўных дасягненняў беларускага футбола. Бо што яшчэ засталося ў памяці беларускіх заўзятараў?

Перамога зборнай Беларусі над Нідэрландамі ў 1995-м? Адзіны гол Сяргея Герасімца без перабольшання ўвайшоў у гісторыю. Але гэтая вікторыя не паўплывала на ў цэлым няўдалы выступ зборнай у адборачным турніры да чарговага буйнога першынства, куды мы, зразумела, не трапілі (як і на ўсе іншыя турніры). А яшчэ гэта была першая буйная перамога над грандам — у тым ліку і таму яна і ўвайшла ў гісторыю. Пазней Беларусь зноў перамагала Нідэрланды (у 2007-м) і Францыю (у 2010-м). Тыя трыумфы выклікалі велізарны рэзананс — але засталіся ў сваім часе.

Трэцяе месца на моладзевым чэмпіянаце Еўропы-2009? Але такія турніры ўспрымаюцца як палігон для падрыхтоўкі будучых зорак. Тады гулялі Аляксандр Гутар, Станіслаў Драгун, Павел Няхайчык, Максім Скавыш, Дзяніс Палякоў — досыць прыкметныя ў беларускіх рэаліях гульцы. Але на сур’ёзным міжнародным узроўні — ды і тое не занадта ўдала — пагуляў толькі Ягор Філіпенка, які адзін год бараніў колеры іспанскай «Малагі».

Паспяховае выступленне ў еўракубках барысаўскага БАТЭ, што пяць раз выступаў у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў? Гэта касмічнае дасягненне для сучаснага беларускага футбола. Але гэта не перамога — пры нармальным развіцці футбола ў немаленькай еўрапейскай краіне такія выступы мусяць быць сталымі.

Гульня Аляксандра Глеба ў «Штутгарце», «Арсенале» і «Барселоне»? Але гэта яго асабістае дасягненне. Ды і заўважце: да гэтага часу беларусаў, якія добра выступалі ў топ-чэмпіянатах, можна пералічыць на пальцах.

Атрымліваецца, што альтэрнатывы перамозе «Дынама» практычна няма. І гэта лепш за ўсё характарызуе ўзровень беларускага футбола, які за 40 гадоў пасля абнадзейлівай перамогі мінчукоў так практычна нічога характэрнага больш і не дасягнуў.