Уладзімір Пуцін плануе 19 снежня прыехаць у Мінск. Гэта будзе першы візіт у Беларусь за апошнія тры гады. Якія інтарэсы палітыкаў у сустрэчы ў нязвыклым для апошняга часу месцы і ці ёсць рызыка, што Пуцін будзе «праціскаць» Аляксандра Лукашэнку для павелічэння ролі Беларусі ў ваеннай агрэсіі? Папрасілі экспертаў растлумачыць, чаму Пуцін вырашыў прыехаць у Беларусь менавіта цяпер.
Мацукевіч: Пуцін вырашыў «уважыць» Лукашэнку
Сустрэча ў Мінску — гэта, хутчэй за ўсё, вынік дамоўленасцяў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. З аднаго боку, візіт у адказ пасля шматразовых паездак беларускага палітыка ў Расію, з іншага — сустрэча, у межах якой кожны атрымлівае свае выгады, лічыць экс-дыпламат, старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» і аўтар канала «Пульс Ленина» Павел Мацукевіч.
Для Аляксандра Лукашэнкі візіт Пуціна ў Мінск важны не столькі тым, што будзе абмяркоўвацца падчас перамоваў, колькі самім фактам прыезду саюзніка ў сталіцу Беларусі. Лукашэнку важна паказаць, што ўсё яшчэ ёсць абмен візітамі і што сам візіт з пратакольнага пункту гледжання выглядае амаль як афіцыйны, у якім ёсць перамовы ў вузкім і шырокім складзе.
— Усе гэтыя тэмы яны рэгулярна абмяркоўваюць сам-насам, калі сустракаюцца, размаўляюць па тэлефоне. Лукашэнка з Пуціным праводзяць разам вельмі шмат гадзін. Для гэтага ім дакладна не патрэбныя былі б перамовы ў шырокім фармаце. Сам візіт важны для Лукашэнкі таму, што ўвесь гэты час толькі ён ездзіў у Расію і выглядала ўсё так, што ён рабіў гэта па званку: варта Уладзіміру Уладзіміравічу патэлефанаваць — і той ужо імчыць. З пункту гледжання суверэнітэту дзяржавы гэта выклікала пытанні. Таму што ў нармальных раўнапраўных адносінах заўсёды абменьваюцца візітамі. А ўсё, што адбывалася ў беларуска-расійскіх адносінах, прымушала многіх гаварыць, што Лукашэнка пад каўпаком у Крамля, — адзначае эксперт.
Калі паглядзець на сітуацыю з пазіцыі Крамля, то відавочна, што ў Расіі цікавасць да Беларусі пасля пачатку вайны вырасла. Акрамя таго, што гэта ледзь не адзіны саюзнік, які застаўся і які выглядае больш-менш надзейным, Беларусь робіцца для РФ свайго кшталту тылавым забеспячэннем, адзначае Павел Мацукевіч. Гэта і палігон для падрыхтоўкі мабілізаваных войскаў, і крыніца ўзбраенняў, і пастаўшчык пэўнай прамысловай і харчовай прадукцыі, якую перасталі пастаўляць заходнія краіны.
Інтарэс Уладзіміра Пуціна яшчэ і ў тым, што гэты візіт прымусіць панервавацца ўкраінскі бок, змушаючы зноў пераацэньваць магчымасці паўторнага ўварвання Расіі ва Украіну і рызыку прыцягнення да гэтага Беларусі, дапаўняе эксперт.
— Пуціну трэба стварыць розныя ілюзіі, каб той наступ, які ён несумненна рыхтуе, зноў аказаўся нечаканым.
— Што да схіляць ці не схіляць [да ўступлення ў вайну], то не думаю, што адносіны знаходзяцца ў такой плоскасці. Гэтыя людзі праводзяць вельмі шмат часу сам-насам — іх сустрэчы доўжацца гадзінамі. Гэта больш падобна да змоўшчыкаў, чым да таго, каб хтосьці кагосьці схіляў, — адзначае Павел Мацукевіч. — Эканамічная, энэргетычная залежнасць Лукашэнкі ад Расіі настолькі вялікая, што, у прынцыпе, калі б Уладзімір Пуцін даў такое ўказанне, то ў Лукашэнкі не было б магчымасці адкруціцца. Для гэтага не трэба накіроўваць кіраўнікоў ФСБ, Мінабароны ў Мінск, каб у чымсьці пераканаць Лукашэнку. Паўтаруся, у іх дастаткова фарматаў і магчымасцяў.
Эксперт дадае: калі ўявіць сабе фармат адносін, у якім Пуцін нечага дамагаецца ад Лукашэнкі ці праціскае патрэбнае яму пытанне, ад якога Лукашэнка спрабуе ўхіліцца, то ўсе візіты і адносіны ў цэлым выглядалі б інакш. Па-першае, палітыкі не размаўлялі б так блізка і ахвотна. Хутчэй за ўсё, у гэтым выпадку Лукашэнка спрабаваў бы пазбягаць Пуціна. Ён жа, наадварот, ахвотна ідзе на кантакт і ездзіць на шматлікія сустрэчы.
— Я не бачу тут падводных камянёў. Думаю, усё досыць празаічна у тым сэнсе, што Пуцін вырашыў «уважыць» свайго адзінага саюзніка, яму ёсць што абмяркоўваць у Мінску. Так, у яго ёсць іншыя фарматы — ён можа ў любы час выклікаць Лукашэнку на дыван у любы горад Расіі. Але ёсць эканамічныя інтарэсы, а таксама інтарэсы ВПК у Беларусі. Не думаю, што сэнс візіту зводзіцца да таго, каб нейкім чынам націснуць на Лукашэнку і прымусіць яго ўступіць у вайну. Для гэтага Пуціну наогул не трэба ехаць у Мінск, — заключае Павел Мацукевіч.
Карбалевіч: Дэманстрацыя прыхільнасці Пуціна да Лукашэнкі
Ніхто не можа ведаць сапраўдную мэту візіту. Двухбаковыя саміты беларускага і расійскага палітыкаў заўсёды закрытыя. Што на іх абмяркоўваецца, часцей за ўсё застаецца за кадрам, адзначае палітолаг Валерый Карбалевіч.
— Тое, што кажуць пра нейкія інтэграцыйныя праграмы, думаю, гэта не шмат увагі займае, бо гэта не тэма Пуціна. Ён не любіць займацца эканомікай, тым больш такімі дробязямі. Ён любіць займацца вялікай геапалітыкай. Калі гаварыць пра тое, што Пуцін прыязджае ў Мінск, каб схіліць Лукашэнку да ўдзелу ў вайне, то гэта неяк сумнеўна. Ён, хутчэй, выклікаў бы да сябе Лукашэнку на дыван і там ужо ціснуў бы з вялікай сілай. А тое, што ён прыязджае ў Мінск — гэта, хутчэй, дэманстрацыя прыхільнасці да Лукашэнкі, нейкі знак падзякі адзінаму саюзніку, — лічыць палітолаг.
Палітолаг бачыць у гэтым візіце вобраз Дзеда Мароза, які на Новы год прывёз падарункі (хутчэй, палітычныя) як дэманстрацыю падзякі саюзніку.
— Калі прыязджаюць дзякаваць, цяжка меркаваць, што там будуць жорстка ціснуць для таго, каб [прымусіць] удзельнічаць у вайне. Цалкам магчыма, што гаворка будзе ісці пра нейкую фінансавую кампенсацыю Беларусі за падтрымку Расіі, за прысутнасць расійскіх войскаў на тэрыторыі краіны, таму што гэта грошай каштуе. Плюс была інфармацыя, што беларускі бюджэт працэнтаў на 15% з невядомай крыніцы будзе прафінансаваны. Можна высоўваць гіпотэзы, што гэтая крыніца прыязджае ў Мінск, — так Валерый Карбалевіч ацэньвае сітуацыю.