Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Силовики начали задерживать беларусов за комментарии о пакистанцах и публиковать «покаянные» видео
  2. У 44 гады памёр палітвязень з Быхава
  3. Почему идея Лукашенко позвать пакистанцев взорвала соцсети, а власть так быстро перешла к угрозам и «покаянным» видео? Спросили социолога
  4. Лукашенко съездил в Шклов и нашел то, что будут «лепить по всей Беларуси»
  5. Помните парня, бежавшего за водометом в 2020-м? Его искали силовики, но нашли журналисты «Зеркала» — поговорили с ним
  6. Путин заявил о готовности заморозить конфликт по линии фронта и отказаться от претензий на некоторые украинские территории — с какой целью
  7. Забывчивым беларусам пригрозили «административкой» — кто и за что на этот раз
  8. «Мы не придурошная Европа». Пропаганда бросилась защищать взорвавшую соцсети идею Лукашенко переселить в Беларусь 150 тысяч пакистанцев
  9. Если вы гадаете, бежать за дешевым долларом или подождать еще, чтобы его курс упал больше, то для вас есть прогноз эксперта
  10. Лукашенко рассчитывал, что жесткий контроль цен станет «уникальной операцией». В закрытом документе ему объяснили, чем это аукнулось
  11. БелЖД предложила Литве, Латвии и Польше возобновить прямое пассажирское сообщение
  12. Чиновники решили взяться за еще одну категорию работников, но после волны возмущения людей от некоторых новшеств отказались
  13. Кочанова вспомнила нашумевший закон, которым населению отомстили за 2020 год, и озвучила, кто следующий в очереди на «урегулирование»
  14. Дело пропавшей спикерки КС засекретили? «Зеркало» получило ответ из Национальной прокуратуры Польши
  15. «Я решил положить конец этим мегерам». Рассказываем, как убежденный антифеминист однажды убил 13 студенток и сотрудницу университета
  16. Сначала — супердоступ силовикам, а теперь — запуск посредника при заказах из зарубежных интернет-магазинов. У чиновников — новая идея
  17. «Ты сто человек таких увидишь за день». Беларусы, которых вербовал КГБ, рассказали, как узнать «агента» и не сказать случайно лишнего
Читать по-русски


2022 год, што падыходзіць да канца, многім запомніцца падзеямі, якія складана нават уявіць у сучасным свеце. Але яны аказаліся рэальнасцю, у якой мы жывём з дня ў дзень. Адны з іх кардынальна змянілі нашае жыццё на асабістым або глабальным узроўні, а іншыя — як вайна ва Украіне — нават забралі тысячы жыццяў мірных людзей. Спыталі вядомых экспертаў з розных галін, якімі, на іх думку, падзеямі адзначыўся і запомніцца гэты год і якія з іх найбольш паўплывалі на Беларусь.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

«З'яўляюцца фізічныя абрысы новай жалезнай заслоны»

  • Имя
    Павел Слюнькін Экс-дыпламат і аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR)

    Галоўнае, чым запомніцца гэты год, — гэта тое, што Беларусь стала часткай ваеннага канфлікту. Улада, якую мы не выбіралі, уцягнула нашую краіну ў вайну на баку агрэсара. Гэта галоўнае злачынства рэжыму Лукашэнкі. Так, злачынстваў за ўсе гэтыя гады было шмат, але па ўзроўні жаху і ступені разбурэнняў гэтае — самае сур’ёзнае.

    Па-другое, менавіта гэта спараджае многія іншыя змены, якімі адзначыўся гэты год. У першую чаргу гэта тое, што да беларусаў, якім у 2020 годзе спачувалі, чыёй адвагай, імкненнем да свабоды і дэмакратыі захапляліся, за адзін дзень кардынальна змянілася стаўленне. Беларусы пачалі асацыявацца з суўдзельнікамі ваеннай агрэсіі. І ўсё таму, што рэпутацыйны цень дзеянняў уладаў лёг на ўсіх людзей з беларускім пашпартам.

    Трэцяе — гэта тое, што я называю дэсувэрэнізацыяй Беларусі. Гэты працэс пачаўся яшчэ ў 2020 годзе, але, пагадзіўшыся на сваю ролю ў вайне, Лукашэнка вымушаны быў пайсці на яшчэ большыя саступкі і страты. Ён не проста пазбаўляе нас радзімы, краіны, ён пазбаўляе суверэнітэту і дзяржаву, і самога сябе. Яскравы прыклад — тое, як расійскія вайскоўцы заходзяць калі хочуць і робяць на нашай тэрыторыі што пажадаюць, гэта паглыбленне інтэграцыі і яшчэ больш цесная прывязка да расійскай эканомікі.

    На фоне ўсяго, што адбываецца, Беларусь робіцца шэрай таксічнай зонай, якую суседзі ўспрымаюць як тэрыторыю, дзе незразумела хто ажыццяўляе палітычны і ваенны кантроль і адкуль ідуць патэнцыйныя пагрозы. У выніку мы бачым адгароджванне ад нас на ўсіх межах, акрамя беларуска-расійскай. Па сутнасці, з’яўляюцца фізічныя абрысы новай жалезнай заслоны. У гэты час Лукашэнка спрабуе кампенсаваць адсутнасць вонкавых кантактаў і эканамічнага супрацоўніцтва наладжваннем сувязяў з непрызнанымі і акупаванымі тэрыторыямі. Напрыклад, едзе на тэрыторыю непрызнанай Абхазіі і сустракаецца там з чалавекам, які называе сябе прэзідэнтам, абмяркоўваючы за сталом двухбаковыя адносіны. Або ў Беларусь прыязджаюць прадстаўнікі акупацыйных уладаў. Гэта выразна паказвае, куды ён сам сябе загнаў.

    Яшчэ адна выснова — гэта ўнутраная трансфармацыя рэжыму. Калі раней ён быў адносна прадказальным са зразумелымі ўсім чырвонымі лініямі, рэпрэсіі насілі ў першую чаргу ахоўны характар, то цяпер яны сталі новай формай жыцця гэтага рэжыму. У Беларусі фактычна няма палітычных партый, няма апазіцыі (таму што яна з’ехала ці знаходзіцца ў турме), няма права на крытыку. Не згаджацца з уладай, крытыкаваць яе стала злачынствам. А беларускія ўлады ў гэты час фармуюць культ асобы Лукашэнкі. Для чыноўнікаў ініцыятыўна не хваліць яго, не захапляцца ім з нагоды і без цяпер не норма.

    Сам жа Лукашэнка, як ён фактычна прызнаўся падчас візіту Пуціна, разглядае рэпрэсіі не як рэакцыю на пэўныя падзеі, а як стратэгію, якая павінная прывесці грамадства ў новы стан, у якім будзе забароненае існаванне апазіцыі, дзе не будзе легальнай, дазволенай крытыкі, дэмакратычных інстытутаў.

    Яшчэ адна важная асаблівасць гэтага года — тое, што на фоне жахаў вайны ва Украіне, мабілізацыі ў Расіі, энергетычнага крызісу ў Еўропе частцы беларусаў пачало здавацца, што Лукашэнка можа быць меншай з бедаў (нягледзячы на тое, што менавіта ён уцягнуў Беларусь у суўдзел у вайне). Пра гэта кажа дынаміка на карысць уладаў, адлюстраваная ў сацыялагічных даследаваннях. Здаецца, частка беларусаў гатовая часова змірыцца з гэтай больш-менш прымальнай альтэрнатывай, пакуль няма магчымасці нешта змяніць, але ёсць рызыка развіцця горшых сцэнарыяў.

    У 2022 годзе частка беларусаў канчаткова ўсвядоміла, што такое Расія, убачыла, што праходзяць стагоддзі, а яна не змяняецца, што гэта не проста сусед, а дзяржава, якая супрацьстаіць усяму, чаго беларусы дамагаліся ў 2020 годзе: свабодзе, дэмакратыі, каштоўнасцям, павазе да правоў чалавека. А Беларусь па-ранейшаму змагаецца за сваю свабоду і незалежнасць у тым ліку ад Расіі і яе гаўляйтара. Цяпер адбываюцца такія ж падзеі, пра якія мы чыталі ў падручніках і якія нам здаваліся далёкім мінулым. Самі сабой напрошваюцца паралелі, напрыклад, з паўстаннем Каліноўскага, якое было 160 гадоў таму: Расія, беларуская барацьба за свабоду і незалежнасць, «лісты з-пад шыбеніцы», гаўляйтар, які гэтае паўстанне душыць, закон аб смяротным пакаранні для тых, хто нібыта здраджвае радзіме. Прайшло 160 гадоў, а нічога не змянілася.

«Асноўным інструментам, праз які ўлады стасуюцца з грамадствам, застаюцца рэпрэсіі»

  • Имя
    Генадзь Коршунаў Старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй», экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі

    Самай значнай падзеяй гэтага года не толькі для Беларусі, але і для Еўропы, а мусіць, і ўсяго свету, стаў пачатак новага этапу расійска-ўкраінскай вайны. Можна вылучыць тры ўзроўні ўплыву гэтай вайны на Беларусь. Першы з іх — знешнепалітычны. Тут мы бачым два асноўныя трэнды. Гэта ізаляцыя Беларусі з боку Захаду і самаізаляцыя Беларусі альбо разрыў юрыдычных, палітычных сувязяў з заходнімі краінамі. У той жа час на ўсходнім напрамку беларускі рэжым вельмі хутка набліжаецца да Расіі і паскарае здачу ёю суверэнітэту. Інфармацыйны суверэнітэт здалі даўно, а цяпер мы бачым, што і ад ваеннага мала што засталося. Бачым, як пераарыентуецца на Расію эканамічная сфера, паступова здаецца фінансавы суверэнітэт.

    Унутры краіны захоўваецца падзел на дзве Беларусі. На чалавечую, так бы мовіць, народную, і тую «Беларусію», якую намагаецца выбудаваць рэжым Лукашэнкі. Гэты працэс можна назваць рэсаветызацыяй Беларусі. Калі першая з іх, «Беларусь здаровага чалавека», уключаная ў лічбавую прастору, у большасці сваёй хоча не атрымліваць грошы, а зарабляць іх, хоча быць суб’ектам, у тым ліку палітычным, то «савецкая Беларусія» ёй усяляк замінае і намагаецца адбудаваць сваю сістэму. Фактычна яна знаходзіцца на шляху выбудовы дыктатуры таталітарнага тыпу. Але замест сваёй ідэалогіі ідзе аднаўленне савецкасці. Гэта больш відавочна праяўляецца і ў эканоміцы праз імкненне кантраляваць татальна ўсё. Але тое ж адбываецца і ў сферы дзяржкіравання. Успомнім закон аб дзяржслужбе, дзе прапісаная ідэалагічная чысціня, кантроль. То-бок у дзяржслужбоўца не мусіць быць ніякай свядомасці, усё ідзе выключна праз «волю партыі», якая ўвасабляецца ў адным чалавеку.

    Гэтая ж саветызацыя пануе ў сферы культуры. Калі раней культурная прастора мела нейкія лакуны, дзе магла быць беларушчына, авангард ці, напрыклад, незалежнае кіно, то цяпер нават тое, што намагаецца выжыць, ціснуць, забіваюць, выціскаюць з краіны. Можна казаць пра вайну з культурай. Асабліва савецкая інтэнцыя бачная ў супрацьстаянні з боку рэжыму ўсяму беларускаму, калі беларушчына фактычна вынішчаецца і забараняецца.

    Але рэжыму, прапагандыстам і невялічкім, але заўважным актывістам ад улады не ўдаецца стварыць ідэалагічную прастору, нейкага магутнага праўладнага наратыву, які б падпарадкоўваў людзей. Таму асноўным інструментам, праз які ўлады стасуюцца з грамадствам, застаюцца рэпрэсіі. То-бок мы бачым, што самі ўлады не могуць перагарнуць старонку. Увосень распачаўся новы вялікі рэпрэсіўны этап. Гэта бачна па колькасці затрыманняў, па судах, дзікіх прысудах. Хутчэй за ўсё рэпрэсіі і надалей будуць асноўным рычагом, праз які ўлады хоць нейкім чынам будуць спадзявацца ўздзейнічаць на грамадства.

    Трэцяя вялікая прастора, на якую варта звярнуць увагу, — гэта грамадства. Яго я выношу за межы пункта «ўнутры краіны», таму што беларускае грамадства сёння размеркаванае: гэта не толькі тыя, хто жыве ў Беларусі, але і тыя, кто з’ехаў. Як паказваюць нашыя даследаванні, паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся ў краіне, ёсць узаемны давер, базавае паразуменне. Зразумела, ёсць і адрозненні, але роднасць паміж тымі, хто падтрымліваў пратэсты і застаецца ў краіне, і тымі, хто іх падтрымліваў і з’ехаў, большая, чым паміж тымі, хто за пратэст і хто за рэжым унутры Беларусі. Асноўнай падставай такой еднасці застаецца каштоўнасная роднасць і камунікацыя. Пры гэтым унутры Беларусі неяк выказваць грамадзянскую пазіцыю, ствараць нейкі рух, тым больш арганізацыі, немагчыма. То-бок інстытуцыянальная частка грамадзянскай супольнасці фактычна знішчаная. Але гарызантальныя сувязі, напрацаваныя цягам 2020-га і першай паловы 2021-га, застаюцца і працуюць. Гэта вельмі добра, бо гэта база для далейшага развіцця.

    Яшчэ адзін важны аспект, які бачны з даследаванняў, — гэта тое, што прыхільнікі пратэсту не расчараваліся ў 2020 годзе. Большасць кажа, што тады адбыліся вялікія падзеі, якімі варта ганарыцца і якія хочацца працягнуць да заканамернага канца. Ёсць асэнсаванне таго, што гэта быў вялікі пераломны пункт у гісторыі Беларусі і ў існаванні беларусаў як народа, як нацыі. Гэтае агульнае разуменне, з аднаго боку, яднае тых, кто падтрымліваў пратэсты, з іншага — уздымае самасвядомасць чалавека на высокi ўровень.

    У той жа час бачна, што размеркаванае грамадства ўсведамляе сваю адказнасць за будучыню. У гэтым сэнсе я лічу важным своечасовае з’яўленне анлайн-праекта «Новая Беларусь». Гэта вельмі стратэгічная рэч, таму што свет ідзе ў лічбавую эпоху. І як бы беларускі рэжым ні намагаўся развярнуцца назад, закансерваваць сітуацыю, нават вярнуцца да традыцыйнага грамадства, гісторыю не павярнуць, яна будзе каціцца так, як вымагаюць яе законы.

    Важна, што беларусаў не забываюць у свеце, перш за ўсё я тут кажу пра Нобелеўскую прэмію Алесю Бяляцкаму. Гэта таксама вельмі значны момант 2022 года. У Еўропе паказалі, што разводзяць беларускі рэжым і грамадзянскую супольнасць. Пра гэта кажа і стварэнне кантактнай групы Рады Еўропы па супрацоўніцтве з беларускай грамадзянскай супольнасцю. Гэта ўнікальны для Еўропы кейс. Хочацца думаць, што ён паспрыяе развіццю падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці і зробіць значны ўнёсак у дэмакратызацыю Беларусі ў будучыні.

«Пляму на рэпутацыі можна будзе змыць толькі вельмі вялікімі намаганнямі»

  • Имя
    Дзмітрый Крук Эканаміст. Старшы навуковы супрацоўнік BEROC (Кіеў)

    Дастаткова відавочна, што найважнейшай падзеяй гэтага года стала вайна. Па сутнасці, усе астатнія працэсы, якія паўплывалі на Беларусь, звязаныя з ёй. З іх я вылучыў бы ў першую чаргу эрозію, разлажэнне бізнес-асяроддзя ўнутры краіны. Гаворка пра частку эканомікі, прадстаўленай прыватным бізнесам і людзьмі, якія ў ім працуюць. Бізнес у прынцыпе раскладаўся павольнымі тэмпамі з 2020-га, але вайна ў 2022-м значна паскорыла гэты працэс. Людзі пачалі з’язджаць, бізнесы перасталі думаць доўгатэрміновымі стратэгіямі, а ў найгоршым выпадку вырашалі пераязджаць і па фармальных прыкметах пераставалі быць беларускімі кампаніямі альбо закрываліся. Гэта азначае разлажэнне патэнцыялу для будучага росту, вымыванне чалавечага капіталу. Гэтая трагічная тэндэнцыя досыць выразна бачная ў 2022 годзе.

    Другі важны трэнд расце з пачатку вайны, гэта ўсё большая прывязка да Расіі. Яна была і да гэтага года, даўно гаворыцца пра збыткоўную залежнасць ад РФ у гандлі і энергетыцы (і не толькі). Але цяпер яна сягае каласальных маштабаў. На гэтым фоне спектакль з так званымі саюзнымі праграмамі толькі ўзмацняе асцярогі. На маю думку, энергетычныя карты і беларуска-расійскае пагадненне аб ўскосных падатках — гэта вельмі небяспечныя рэчы, якія даюць трэнду прывязкі да Расіі, залежнасці ад яе перарасці ў тое, што можа класіфікавацца як васальнае падпарадкаванне.

    Яшчэ адзін трэнд я б сфармуляваў як працэс ператварэння Беларусі ў ізгоя. Краіна шмат у чым зганьбілася ў кантэксце эканамічнага іміджу. Сапраўды, раней Беларусь ніхто не лічыў эканамічным тыграм, а ў так званую беларускую эканамічную мадэль верылі толькі ў самой краіне, але пасмешышчам яна не была. Але калі раней нейкія негатыўныя фактары асацыяваліся з Лукашэнкам, то цяпер яны праецыююцца на ўсю Беларусь. То-бок сёлета чорную метку атрымала ўся краіна. Калі 2020 год даў добры імпульс у гэтым дачыненні — Беларусь разглядалі як крыніцу надзеі і пераўтварэнняў, — то цяпер велізарную пляму на рэпутацыі можна будзе змыць толькі вельмі вялікімі намаганнямі.

    Паўплывалі на гэта вытворныя многіх папярэдніх рэчаў, але асобна — усё звязанае з дэфолтамі, з адмовамі плаціць па даўгах. Для такіх структур, як ЕБРР і Сусветны банк, стала навіной, што можна проста ўзяць і не плаціць па даўгах. Выбраўшы такую лінію паводзін, Беларусь сама сябе перамясціла ў клуб ізгояў. Нават калі дапусціць добры варыянт, што літаральна заўтра ў краіне ўсё зменіцца, гэты след яшчэ нейкі час будзе захоўвацца. Такія страты рэпутацыі самі сабой не выпараюцца.

    Гэта тры найбольш маштабныя праблемы, з якімі мы сутыкнуліся. Тое, які на іх пойдзе водгук, ці пачнуць яны вырашацца ў нейкай ступені ці не, будзе задаваць доўгатэрміновы трэнд развіцця нашай краіны.