Тэлеканал «Беларусь-1» паказаў самалёт А-50 з бартавым нумарам «43». Раней паведамлялася, што менавіта гэты борт пацярпеў у выніку інцыдэнту на аэрадроме ў Мачулішчах. Адзначым, што невядома, калі і дзе быў зроблены гэты відэазапіс.
На відэа, паказаным у эфіры дзяржаўнага тэлеканала, самалёт едзе па аэрадроме, яго паказваюць з розных бакоў — пашкоджанняў на ім не відаць, хоць на абцякальніку антэны радыёлакацыйнай станцыі, размешчанай па цэнтры самалёта, бачныя цёмныя плямы.
Самалёт лёгка ідэнтыфікаваць, гэта насамрэч А-50. На відэа бачны яго бартавы нумар — 43 і рэгістрацыйны нумар RF-50608.
Пры гэтым адзначым, што невядома, калі і дзе быў зроблены гэты відэазапіс.
Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома 50-й змяшанай базы Ваенна-паветраных сіл Беларусі ў Мачулішчах (Мінскі раён) мясцовыя жыхары пачулі некалькі выбухаў. Паводле BYPOL, яны сталі вынікам атакі дрона беларускіх партызан на расійскі ваенны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛВ) А-50. Як заявіў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў Аляксандр Азараў, самалёт, які ўдзельнічаў у карэктаванні расійскіх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, быў пашкоджаны і «лётаць ужо не зможа».
Пасля гэтага з’явіліся паведамленні, што на мяжы зрабілі больш жорсткім памежны кантроль, а ў вышук абвясцілі выхадца з Крыма, якога называюць датычным да гэтага інцыдэнту. Акрамя таго, у Беларусі пачалі правяраць уладальнікаў дронаў.
Афіцыйна ўлады Беларусі інцыдэнт у Мачулішчах не каментавалі.
Пазней расследавальнікі з Bellingcat параўналі зробленыя 28 лютага і 19 лютага спадарожнікавыя здымкі самалёта і адзначылі «розніцу ў колеры крылаў». Яны дадалі, што гэта можа быць праз снег, таму «пакуль немагчыма праверыць сцверджанні BYPOL».
У BYPOL у адказ на гэта расказалі, як і чым быў атакаваны расійскі самалёт.