Трохпакаёвую кватэру Сяргея Ціханоўскага ў Мінску трэці раз спрабуюць прадаць праз аўкцыён. Пры гэтым у жыллі, як адзначаецца ў аб’яве на сайце «БелЮрЗабяспечання», зарэгістраваныя жыхары, у тым ліку няпоўнагадовыя дзеці. І гэта не адзіны такі выпадак, калі кватэру пускаюць з малатка разам з прапісанымі жыхарамі. Як такое магчыма? «Люстэрка» спытала пра гэта ў Мінюста і экспертаў бясплатнага і ананімнага сэрвісу юрыдычнай дапамогі LegalHub. Калі каротка: не ўсё так проста ў такіх угодах, ёсць істотная рызыка.
Мінюст: «Самі думайце, увязвацца ў гэтыя цяжбы ці не»
У Мінюсце адзначаюць, што тым, хто вырашыць увязацца ў такія ўгоды з жыллём, якое прадаецца з аўкцыёну з зарэгістраванымі жыхарамі, трэба быць гатовымі да судовых разглядаў.
— На адзінае жыллё арышт не накладаецца, калі гэта не пытанне канфіскацыі маёмасці па крымінальнай справе і іншых пытаннях. У любым выпадку ёсць судовае рашэнне і пастанова судовага выканаўцы, якое не абскарджанае, яно (жыллё. — Заўв. рэд.) будзе рэалізаванае праз таргі, — растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Мінюста Сяргей Нікель падчас жывой тэлефоннай лініі. — Вы будзеце законным уладальнікам (калі набудзеце такое жыллё. — Заўв. рэд.), далей будзе адміністрацыйная працэдура, будзе прапанавана з улікам змены ўласніка выпісацца добраахвотна. А калі не, то тады ў судовым парадку гэта ўсё будзе адбывацца. Таму самі думайце, увязвацца вам у гэтыя цяжбы ці не, але тэхнічна і юрыдычна гэта магчыма.
Юрысты пра тое, якімі праблемамі пагражае купля жылля з аўкцыёну
Першае, на што неабходна звярнуць увагу падчас набыцця абсалютна любой кватэры, — гэта захаванне правоў усіх уласнікаў жылога памяшкання, адзначаюць юрысты LegalHub. Яны ўдакладняюць, што маёмасць, якую муж і жонка нажылі ў шлюбе, — гэта іх агульная сумесная ўласнасць. Прычым незалежна ад таго, на каго з іх яно запісанае і кім з іх унесеныя грошы. Муж і жонка маюць роўныя правы на такую маёмасць. Гэта азначае, што калі кватэра набытая ў шлюбе, то і муж, і жонка маюць права на 50% гэтай кватэры. Але іншы парадак фармавання сумеснай маёмасці яны могуць прапісаць у шлюбнай дамове.
— Важна адзначыць, што па абавязннях аднаго з сужэнцаў спагнанне можа быць звернутае толькі на маёмасць, якая знаходзіцца ў яго ўласнасці, і на яго долю ў агульнай сумеснай уласнасці мужа і жонкі, якая яму ці ёй належала б пры падзеле гэтай маёмасці. Гэта значыць, што калі адзін з сужэнцаў з’яўляецца даўжніком, то ў кошт пагашэння пазычанасці можа быць прададзеная толькі яго доля, то-бок 50% ад кватэры, а не кватэра ў цэлым. Акрамя таго, у першую чаргу доля мусіць быць прапанаваная да куплі другому сужэнцу, — удакладняюць юрысты.
Яны дадаюць, што сужэнец, права ўласнасці на долю якога было парушанае, у будучыні можа гэтую ўгоду аспрэчыць, што пацягне вяртанне маёмасці першапачатковаму ўласніку, г. зн. вяртанне ў стан рэчаў да здзяйснення ўгоды. Менавіта таму падчас рэгістрацыі ўгодаў па продажы кватэр кадастравае агенцтва ў абавязковым парадку патрабуе згоду другога сужэнца на здзяйсненне такой угоды.
— У выпадку, калі адчужаная кватэра — гэта сумесна нажытая маёмасць і пры адчужэнні парушаецца права другога сужэнца, то гэта ў будучыні можа стаць падставай для прызнання ўгоды несапраўднай, — адзначаюць юрысты. — Прычым, улічваючы 10-гадовы тэрмін іскавай даўнасці па прызнанні ўгодаў нікчэмнымі і наяўнасць права ў суда аднаўляць тэрмін іскавай даўнасці для фізічных асоб у выпадку паважлівасці прычын іх пропуску, перыяд, пасля заканчэння якога новы ўласнік зможа ўздыхнуць спакойна, вельмі доўгі.
Юрысты таксама звяртаюць увагу на другі момант — пры прызнанні незаконным выбыцця ва ўласніка маёмасці (будзе гэта адмена прысуду, пастановы, паводле якой яно было арыштаванае, або прызнанне незаконным звароту спагнання на яго як на адзінае жыллё, калі яно такім было) ён зможа аднавіць сваё права, незалежна ад таго, што пакупнік (як першы, так і наступныя, калі ён перапрадасць) дзейнічаў добрасумленна.
Эксперты: «Высяленне няпоўнагадовых у нікуды — заўсёды праблема»
Эксперты LegalHub таксама звяртаюць увагу на трэці момант — у тых, хто вырашыць купіць жыллё з аўкцыёну, можа ўзнікнуць складанасць з высяленнем прапісаных у ёй асоб. Юрысты кажуць, што не падлягаюць высяленню тыя, за кім пры адчужэнні жылога памяшкання па ўмовах дамовы захоўваецца права валодання і карыстання ім.
Што да продажу з аўкцыёну непасрэдна кватэры Ціханоўскіх, то юрысты акцэнтуюць увагу на два абцяжаранні. Першае — абмежаванні па распараджэнні нерухомай маёмасцю, якія будуць знятыя аддзелам прымусовага выканання па выніках продажу лота. Другое — у кватэры ёсць зарэгістраваныя асобы, у тым ліку няпоўнагадовыя.
— У першым пункце гаворка ідзе пра арышт, накладзены судовым выканаўцам, які, натуральна, будзе зняты пасля рэалізацыі кватэры. А вось наяўнасць у абвестцы інфармацыі пра асобаў, якія маюць права карыстання кватэрай, у прыватнасці няпоўнагадовых, сведчыць, што гэты пункт будзе ўключаны ў дамову куплі-продажу, і, адпаведна, гэтыя асобы не будуць падлягаць высяленню, — лічаць юрысты, якія спасылаюцца на пастанову Пленума Вярхоўнага суда ад 26 сакавіка 2003 года N 2 «Пра прымяненне судамі заканадаўства пры вырашэнні спрэчак, звязаных з правам уласнасці на жылыя памяшканні».
Юрысты LegalHub рэзюмуюць, што ў выпадку з продажам на аўкцыёне кватэры Ціханоўскіх «няма ніводнай прыдатнай падставы для зняцця з уліку няпоўнагадовых асоб».
— То-бок чыста з пункту гледжання правядзення адміністрацыйнай працэдуры падставаў няма. Такім чынам, у гэтай сітуацыі застаецца высокая рызыка негатыўных прававых наступстваў для новага ўласніка такога жылога памяшкання, — рэзюмуюць юрысты.
Чытайце таксама