На нарадзе Савета бяспекі ў чацвер, 31 жніўня, у прамове Лукашэнкі, які звычайна вельмі негатыўна адклікаецца пра ЕС, нечакана прагучалі міралюбныя заявы. Ён сказаў, што «мы гатовыя да аднаўлення добрых адносін з суседзямі», маючы на ўвазе Польшчу, Літву і Латвію. Раней ён паведамляў, што даручыў прэм’ер-міністру звязацца з імі і «калі яны хочуць — давайце наладжваць адносіны». Чаму раптам ён так загаварыў? Гэта пацяпленне ці не? І чаго чакаць далей? «Люстэрка» спытала ў экспертаў.
Класкоўскі: «Лукашэнка працягвае ўплятаць міралюбныя ноткі ў свае выступы. Гэта вынік таго, што суседзі прыгразілі жорсткім закрыццём межаў»
Палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі адзначае, што рыторыка Лукашэнкі ў дачыненні да краін ЕС і NATO змянілася яшчэ ў пачатку жніўня.
— У прыватнасці, ужо 1 жніўня ён адкруціў назад і сказаў, што гэта быў жарт, што вагнераўцы рвуцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў. Потым 11 жніўня ён сустракаўся з работнікамі Нацаэрапорта, і там прагучала фраза «суседзі ад Бога» (яна для яго банальная) у дачыненні да палякаў. То-бок сённяшняя заява — гэта ўжо працяг, — адзначае аналітык. — Лукашэнка працягвае ўплятаць міралюбныя ноткі ў свае выступы. Я думаю, гэта вынік таго, што суседзі прыгразілі жорсткім закрыццём межаў. А гэта, натуральна, ударыла па эканамічных інтарэсах рэжыму. Плюс тут завязаныя транзітныя інтарэсы Кітая, які таксама можа ціснуць на афіцыйны Мінск.
Праўда, як кажа эксперт, калі аналізаваць сённяшнія словы Лукашэнкі ў цэлым, то, магчыма, усё ж у іх пераважалі ваяўнічыя заявы.
— У прыватнасці, ён жа абвінаваціў Польшчу ў мілітарызацыі, у тым, што яны рыхтуюць «збеглых» для перавароту ў Беларусі. І ў тым, што Польшча выйшла з Дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Еўропе (ДЗУСЕ), — пералічвае наш суразмоўца. — Калі разабраць усе гэтыя заявы, то яны некарэктныя. Так, Польшча ўмацоўвае сваё войска: нейкія часткі вайсковыя перасоўваюцца бліжэй да межаў Беларусі. Але гэта адказ акурат на вайну ва Украіне і на ПВК Вагнера ў Беларусі. А што да выхаду з ДЗУСЕ, то Лукашэнка, як заўсёды, сказаў палову ісціны. Ён жа не кажа, што гэтую дамову фактычна разбурыла Масква. Яна яе дэнансавала сёлета фармальна, а фактычна — калі ўвяла ў свой час войскі ў Прыднястроўе, Абхазію, Паўднёвую Асецію. І ў цэлым Расія сваімі дзеяннямі разбурыла гэтую архітэктуру еўрапейскай бяспекі, якая склалася пасля Другой сусветнай вайны. Таму тут камень не ў той агарод. Але, натуральна, супраць Крамля Лукашэнка нічога сказаць не можа.
Таксама Класкоўскі лічыць, што не вытрымлівае крытыкі адказ Лукашэнкі наконт ПВК Вагнера. Нагадаем, ён заявіў, што хай Польшча, краіны Балтыі і іншыя выведуць усіх замежных вайскоўцаў са сваіх тэрыторый. Маўляў, тады з тэрыторыі Беларусі знікнуць найміты ПВК Вагнера.
— Натуральна, гэтая паралель абсалютна некарэктная. Так, ёсць падраздзяленні іншых краін NATO і ў Польшчы, і ў краінах Балтыі. Але гэта рэгулярныя вайсковыя фармаванні. І гэта ўсё робіцца ў адпаведнасці з дамовамі Паўночна-Атлантычнага альянсу. То-бок юрыдычна тут камар носа не падаткне, — тлумачыць аналітык. — А ПВК Вагнера — гэта групоўка, якая ў частцы краін лічыцца тэрарыстычнай. Ніякай юрыдычнай глебы пад перабазаваннем вагнераўцаў у Беларусь няма, акрамя гэтых дамоўленасцяў «па паняццях». Так, было зарэгістраванае прыватнае нейкае прадпрыемства і нейкая адукацыйная ўстанова ў вёсцы Цэль. Калі гэта лічыць легалізацыяй, то гэта проста насмешка. То-бок гэта абсалютна некарэктная паралель з перамяшчэннем рэгулярных войскаў NATO.
Эксперт лічыць, што грымучая сумесь з міралюбнай і ваяўнічай рыторыкі ў Лукашэнкі з’явілася з прычыны двух фактараў: ён не хоча поўнага закрыцця мяжы, але пры гэтым не можа выйсці з каляіны «крамлёўскай імперскай палітыкі».
— Ён увязаўся ў гэтую гісторыю з «Вагнерам». І цяпер не ён вырашае, калі і хто выведзе ПВК Вагнера з Беларусі, — лічыць эксперт. — Думаю, Лукашэнка вядзе закулісныя перамовы з Пуціным на гэты конт. Таму што, па-першае, стала рубам фінансавае пытанне — хто будзе, так бы мовіць, аплачваць банкет. Пуцін спіхнуў гэты таксічны актыў у момант мяцяжу, цяпер жа гэта стала галаўным болем Лукашэнкі. І Пуцін, мабыць, не дае грошай на ўтрыманне вагнераўцаў. Іх лёс вырашаецца вельмі павольна. І паціху гэтая ПВК Вагнера ўжо дэфрагментуецца.
Класкоўскі лічыць, што Лукашэнка не зацікаўлены ў тым, каб ладзіць нейкія правакацыі з дапамогай наймітаў ПВК Вагнера на межах. Паводле яго, у гэтым мог бы быць зацікаўлены Крэмль, але цяпер у расійскіх уладаў няма магчымасці ўплываць на наймітаў. Аналітык адзначае, што беларускі палітык і далей будзе пагражаць заходнім краінам вербальна, але наўрад ці дойдзе да чагосьці большага.
Што ж да мігрантаў, то і тут, на думку Класкоўскага, пачнецца зацішша.
— Як адзначылі і назіральнікі, акурат перад сустрэчай міністраў унутраных справаў краін Балтыі знізілася колькасць мігрантаў на польскай і літоўскай межах. Гэта паказвае, што беларускія ўлады могуць гэтую плынь кантраляваць, — тлумачыць суразмоўца. — Я не думаю, што яны звядуць яе да нуля. Праблема будзе заставацца на цяперашнім узроўні — у межах 100−200 чалавек у суткі, гэта не будзе дасягаць пікавых значэнняў, як было ў 2021 годзе.
У цэлым жа, як адзначае эксперт, Лукашэнка пастараецца не пераходзіць чырвоных ліній, пра якія казалі краіны Балтыі і Польшча. Але ці будзе гэта дастатковым для разрадкі напружання з суседзямі, сказаць складана, бо «сітуацыя па-ранейшаму падвешаная».
— Ёсць яшчэ ўмова — вызваленне Пачобута, тут, мабыць, ідзе нейкі закулісны гандаль. Лукашэнка, вядома, мог бы адпусціць яго. Неба на зямлю ад гэтага не ўпадзе, ніякай рэвалюцыі не здарыцца. Але ў яго разуменні гэта пытанне прынцыпу. Ён не хоча пачынаць гэты працэс, каб не падалося, што Захад яго «нахіліў». Для яго гэта цяжкі ментальны бар’ер. Але я не выключаю, што праз нейкі час будзе вызвалены і Пачобут. Але вызваліць усіх зняволеных ці большую частку палітвязняў — на гэта Лукашэнка, безумоўна, не пойдзе, — заключае Аляксандр Класкоўскі.
Карбалевіч: «Не думаю, што Масква кантралюе вось гэтую гульню мігрантамі або, скажам, забараняе вызваляць Андрэя Пачобута»
Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч адзначае, што з пачатку вайны ва Украіне Лукашэнка збірае нарады з сілавікамі недзе два разы на месяц. І сённяшнюю нараду эксперт называе новай нармальнасцю.
— Наколькі я зразумеў, сённяшняя нарада была скліканая па пытанні, як даць адпор, калі раптам NATO пачне вайну з Беларуссю. І ён заявіў, што трэба рыхтавацца, — адзначае эксперт. — Адначасова ён дэманструе і свае міралюбныя жэсты, што робіць не ўпершыню. Гэтым прапановам у бок суседзяў надаецца ўвага. Магчыма, большая, чым раней.
Аналітык таксама лічыць, што прычына такой міралюбнай рыторыкі — гэта пагроза цалкам закрыць межы Польшчы і краін Балтыі з Беларуссю.
— Але нават да гэтых заяваў — тыя крокі, якія зрабілі Літва і Польшча па перакрыцці межаў, гэта б’е па іміджы Беларусі як транзітнай краіны. А гэты вобраз — немалы рэсурс, які не заўсёды капіталізуецца ў грошы, — адзначае эксперт. — Пасля таго як Польшча і Літва закрылі пункты пропуску, думаю, транспартнікі шукаюць варыянты аб’езду Беларусі. Гэта б’е па эканамічных інтарэсах, таму такія прапановы і пачалі гучаць. Але пакуль цяжка ўявіць, ці будуць гэтыя заявы рэалізаваныя на практыцы. Калі б за гэтымі ішлі нейкія жэсты — скажам, спыненне атакі мяжы з дапамогай мігрантаў, вывад вагнераўцаў з Беларусі, нейкія жэсты на адрас Польшчы — напрыклад, вызваліць таго ж Пачобута, — то яны б спрацавалі, і, магчыма, быў бы адноўлены нейкі дыялог на сур’ёзным узроўні. Але пакуль толькі словы. Прычым супярэчлівыя.
Эксперт кажа, што мірная рыторыка сплятаецца з ваяўнічай у прамовах Лукашэнкі яшчэ і таму, што гэта ягоны палітычны стыль — ён баіцца падацца слабым.
— Таму ў любых канфліктах ён дэманструе сілу. Гэта яго вобраз як палітыка, — зазначае суразмоўца. — І плюс я думаю, што ў яго ёсць пэўныя абмежаванні ў замежнай палітыцы ў сувязі з саюзам з Расіяй. Тая вельмі хваравіта ўспрыняла б любыя крокі насустрач Захаду, а саступкі — як здраду. Таму гэтыя абмежаванні існуюць і ў палітыцы афіцыйнага Мінска.
Карбалевіч пры гэтым лічыць, што, нягледзячы на такую залежнасць ад Крамля, у Лукашэнкі ўсё ж ёсць пэўны люфт у адносінах з Захадам.
— Я не думаю, што Масква кантралюе вось гэтую гульню мігрантамі або, скажам, забараняе вызваліць Андрэя Пачобута. Не думаю, што кантроль з боку Масквы сягае такіх дробных пытанняў. Ну і зноў жа, агрэсіўная рыторыка штодня ідзе, прапаганда ў дзяржаўных медыя. Гэтага ж усяго можна не рабіць, — мяркуе ён.
Чаму Лукашэнка не карыстаецца гэтым люфтам? На гэта, на думку Карбалевіча, у палітыка ёсць некалькі прычын:
— Па-першае, калі казаць пра Пачобута, то ягонае вызваленне стала б дэманстратыўнай саступкай Польшчы. А ён баіцца гэта паказаць і прадэманстраваць, бо ў яго вобраз моцнага палітыка. Па-другое, ён не вельмі разумее, што ён можа атрымаць ад Захаду ў прынцыпе. То-бок ён мог бы атрымаць адмену санкцый ці хаця б іх скарачэнне па ключавых пытаннях — экспарт калію і гэтак далей. Але ён разумее, што змяншэння міграцыйнай атакі і вызвалення Пачобута мала для таго, каб Захад быў гатовы на сур’ёзны дыялог і сур’ёзныя крокі па скарачэнні санкцый. Пазіцыя Захаду вядомая — спыненне палітычных рэпрэсій, вызваленне палітвязняў, спыненне падтрымкі Расіі ў агрэсіі супраць Украіны. А вось на такое ён пайсці не можа. А невялікія крокі насустрач мала што даюць. Ну, магчыма, адзін пункт пропуску могуць адкрыць з Літвой і Польшчай. Па вялікім рахунку, гэта нічога не вырашыць. То-бок па сутнасці ён звязаны цэлым шэрагам абмежаванняў. Тое, што ён хоча, Захад не можа прапанаваць, і наадварот — попыт і прапанова не супадаюць. Так часта бывае ў палітыцы.
Фрыдман: «Пытанні людзей яго цікавяць менш, чым грузы»
На думку палітычнага аглядальніка і гісторыка Аляксандра Фрыдмана, прычына такіх заяваў Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што, магчыма, ён неўзабаве можа страціць ПВК Вагнера. Такую выснову аналітык зрабіў з апошніх навін пра тое, што камандзіры вагнераўцаў кажуць наймітам, каб тыя шукалі сабе новую працу, бо іх выцясняюць з Афрыкі.
— Я з гэтага раблю выснову, што будуць рабіцца крокі, каб наогул расфармаваць ПВК Вагнера і, магчыма, прыбраць яе нават з тэрыторыі Беларусі, — кажа аналітык. — Хоць мне спачатку, прызнаюся, здавалася гэта вельмі малаімаверным. Але, мабыць, расійская аперацыя палягае не толькі на тым, каб знішчыць Прыгожына і Уткіна, але і расфармаваць, а магчыма, знішчыць ПВК Вагнера. Магчыма, Лукашэнка пра гэта ведае. Таму сваёй любімай цацкай ён ужо пагражаць не зможа. У такой сітуацыі ён і пачынае паводзіць сябе прымітыўна: выкарыстоўваць дабрадушнасць.
Фрыдман лічыць, што знікненне ПВК Вагнера з Беларусі азначае дээскалацыю напружання паміж Беларуссю і суседнімі краінамі ЕС.
— Можа, не добраахвотную, вымушаную для Лукашэнкі, але дээскалацыю. У такой сітуацыі ён, відаць, можа разумець, што ўсё роўна давядзецца ісці на нейкую рэстаўрацыю адносін, — кажа эксперт. — Таму і ідзе такая «прыязная», па яго мерках, рыторыка.
Аглядальнік кажа, што на ўмовы Польшчы і краін Балтыі Лукашэнка не пойдзе ў адкрытую, бо «адкрыта прагнуцца» ён не можа. Аднак, на ягоную думку, палітык пойдзе на пэўную непублічную дээскалацыю:
— Патокі нелегальных мігрантаў на мяжы могуць зніжацца. ПВК Вагнера можа проста паступова сама знікнуць без таго, каб пра гэта было афіцыйна заяўлена. То-бок вось такая непублічная дээскалацыя — яна цалкам магчымая.
Пры гэтым эксперт адзначае, што Польшчу і краіны Балтыі такія ўмовы могуць задаволіць.
— Калі адбудзецца дээскалацыя на мяжы, бо будзе менш мігрантаў ці знікнуць вагнераўцы, то, думаю, вядома ж, іх гэта задаволіць, — кажа суразмоўца. — Я не думаю, што там будуць нейкія такія адкрытыя сур’ёзныя жэсты яму насустрач. Бо ўся логіка сённяшняга палітычнага становішча не настроеная на дээскалацыю сітуацыі. Мне складана, напрыклад, уявіць, што польскія ўлады ў сённяшніх умовах перад выбарамі раптам ні з таго ні з сяго пойдуць насустрач Лукашэнку.
Фрыдман лічыць, што пункты пропуску на польскай і літоўскай межах могуць адкрыць толькі ў выпадку, калі будуць нейкія якасныя змены. А пакуль, на яго думку, сітуацыя будзе замарожаная.
— Замарожаная менавіта з боку Лукашэнкі, — тлумачыць эксперт. — У тым сэнсе, што колькасць мігрантаў можа знізіцца натуральным спосабам, бо надыходзіць халодны час года. І нават калі частка мігрантаў і застанецца, то на мяжы не будзе больш такіх адкрытых правакацый. Таму, магчыма, сітуацыя на гэты момант замарозіцца на такім узроўні, але па-ранейшаму будзе заставацца небяспечнай і пры любой правакацыі можа ўспыхнуць зноў.
Аляксандр Фрыдман падкрэслівае, што ў сітуацыі з мяжой апошняе слова ўсё ж не за Лукашэнкам:
— Ступень яго кантролю мяжы не трэба перамяншаць, але не варта перабольшваць. Так, Лукашэнка вызначае многае, што адбываецца ў Беларусі. Але што да пытання бяспекі і мяжы, то апошняе слова відавочна не за ім. Калі Расія зацікаўленая ў дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы і ў правакацыях нейкіх там сур’ёзных, яна гэта рэалізуе незалежна ад таго, хоча гэтага Лукашэнка ці не. Гэта выдатна разумеюць і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Латвіі. І яны не будуць глядзець на рыторыку, якой ён грашыць. На яго рыторыку (то агрэсіўную, то прымірэнчую) ніхто ўжо проста ўвагі не звяртае. Яны будуць глядзець на яго канкрэтныя крокі. Калі адбудзецца пагаршэнне сітуацыі, я думаю, што ў іх ужо ўсе планы гатовыя, і яны закрыюць межы.
Аналітык адзначае, што Лукашэнку нявыгаднае закрыццё межаў толькі праз грузавыя перавозкі. І ён паспрабуе гэтага пазбегнуць.
— Яму сапраўды нявыгадна ніякім чынам, каб спыніўся грузапаток. Бо тады заканчваецца гісторыя Беларусі як транзітнай краіны. Гэта сапраўды вельмі кепскі сцэнар для яго асабіста, — адзначае Фрыдман. — Тое, што мяжа будзе закрытая для людзей, яго не турбуе наогул ніяк. Гэта, вядома, тэарэтычныя меркаванні — у мяне няма ніякіх інсайдарскіх доказаў. Але я думаю, што ў большасці людзі, якія маюць шэнгенскія візы і перасякаюць мяжу з ЕС, хутчэй за ўсё, не з’яўляюцца прыхільнікамі Лукашэнкі. Прынамсі, гарачымі яго прыхільнікамі. Не будуць ездзіць у Беларусь грамадзяне Літвы, Латвіі і Польшчы. Ну, ён жа гэты бязвіз зрабіў для таго, каб зарабляць… Таксама перажыве, не трымаецца на гэтым беларускі бюджэт. Увогуле, пытанні людзей яго цікавяць менш, чым грузы.
Чытайце таксама