Дэмсілы Беларусі вынеслі на грамадскае абмеркаванне «Стратэгію пераходу да Новай Беларусі». Што гэта за дакумент і чаму яго распрацавалі менавіта цяпер — на гэтыя і іншыя пытанні адказалі прадстаўнікі структур, якія яго распрацоўвалі, падчас прэзентацыі праекта дакумента 13 снежня ў Вільнюсе.
«Стратэгія пераходу да Новай Беларусі» — гэта праект дакумента, які, як плануюць яго распрацоўшчыкі, дазваляе мець план дзеянняў па розных кірунках пасля таго, як у Беларусі пачнецца змена ўлады.
Чаму такую стратэгію распрацавалі цяпер?
— Можа падацца, што гэты дакумент у цяперашніх умовах заўчасны, аднак досвед такіх краін, як Іран, Гаіці, Паўночная Карэя кажа пра адваротнае, — заявіла Святлана Ціханоўская ў відэазвароце падчас прэзентацыі. — Калі палітычныя сілы не гатовыя да дэмакратычных пераменаў, то адна дыктатура змяняецца іншай. Таму нельга, каб гістарычны шанец заспеў нас знянацку, думаю, гэта мы ўжо праходзілі. Стратэгія пераходу да Новай Беларусі — гэта бачанне, як ператварыць нашую краіну ў незалежную, дэмакратычную і праеўрапейскую.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі расказаў, што праца над стратэгіяй доўжылася больш за год, і яна стала адказам на пытанне ад беларусаў пра тое, што будзе далей — то-бок пасля таго, як у краіне адбудзецца змена ўлады.
Чаму распрацоўваецца стратэгія на будучыню, калі важнейшы план змены ўлады?
— Цяпер ідзе такая праца [па стратэгіі змены ўлады]. Проста не ўсё з таго, што робіцца, мы гатовыя абмяркоўваць публічна, — патлумачыў старшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі. — Калі цяпер спытаць, як адбудуцца змены, то няма людзей, якія могуць упэўнена адказаць. Відавочна, што трэба дзейнічаць. Калі нашых магчымасцяў недастаткова цяпер, каб змяніць сітуацыю, трэба аслабляць тых, хто супрацьстаіць нашым мэтам — і гэтым мы займаемся. Трэба ўмацоўваць свае структуры, даваць каардынацыю (і гэтым мы займаемся). Трэба дапамагаць Украіне, якая змагаецца не толькі за сваю свабоду, а і за нашую таксама.
Ён адзначыў, што распрацоўка стратэгіі дазваляе мець гатовы план на той момант, калі сітуацыя зменіцца. Але ў той жа час гэта не адмяняе высілкаў, якія робяцца дзеля набліжэння такога моманту — у тым ліку працы, якая ідзе ўнутры краіны. То-бок, кажа ён, паралельна робяцца намаганні, каб наблізіць перамены, і праводзіцца падрыхтоўка, «каб не праваліцца, калі яны пачнуцца».
Чалец Каардынацыйнай рады, эканаміст Дзмітрый Крук падкрэсліў: распрацоўшчыкі стратэгіі разумеюць, што пытанне набліжэння змены ўлады ў Беларусі значна больш хвалюе людзей цяпер, чым планы на будучыню. Але, кажа ён, папярэдняя распрацоўка дэталёвага плана таго, як дзейнічаць, калі гэтыя змены адбудуцца, значна павысіць імавернасць паспяховага пераходу да дэмакратыі.
— Мы не ведаем, калі гэта будучыня наступіць, але адказ на пытанне, што рабіць, калі яна наступіць, абавязкова мусіць быць, — заявіў ён і прывёў як прыклад падобнага шляху суседнюю краіну. — Прыклад Польшчы і канкрэтна [юрыста, літаратара, палітыка] Ежы Гедройця і [журналіста і грамадскага дзеяча] Юліюша Мерашэўскага (гэтыя аўтары ў 1970-я склалі канцэпцыю прымірэння краін Цэнтральнай і Усходяй Еўропы, якая стала ў аснову польскай знешняй палітыкі пасля яе выхаду з зоны ўплыву СССР. — Заўв. рэд.). <…> Ім таксама здавалася, што яны працуюць у абстракцыю, у стол, што гэта ніколі не спатрэбіцца, але калі надышоў момант, у дзевяностыя, бяруся сцвярджаць, што Гедройць і Мерашэўскі заклалі базіс — поспех Польшчы шмат у чым адбыўся дзякуючы ім.
Чаму сцэнараў змены ўлады менавіта чатыры?
Прадстаўнікі распрацоўшчыкаў стратэгіі патлумачылі, што сцэнараў змены ўлады ў Беларусі можа быць нашмат больш, але яны не разглядалі ў дакуменце тыя, пры якіх дэмакратычныя змены не адбываюцца — напрыклад, паглынанне краіны Расіяй альбо ўвядзенне ў дзеянне зменаў у палітычных структурах, якія прадугледжаныя ў Канстытуцыі, прынятай ў 2022 годзе (у прыватнасці, фармаванне Усебеларускага народнага сходу і новыя прынцыпы падзелу паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады).
А што да іншых варыянтаў, то менавіта чатыры з названых яны лічаць найбольш імавернымі і ўстойлівымі. Сярод такіх імаверных сцэнараў — змены ў выніку перамоваў, змены пад унутраным ціскам грамадства, паступовая трансфармацыя рэжыму і змены пад вонкавым ціскам.
Самым прыярытэтным з магчымых сцэнараў прадстаўнікі дэмсілаў называюць змену ўлады шляхам перамоваў.
— Выйсці з палітычнага крызісу лепш праз перамовы, каб быў нейкі кансэнсус і мы маглі рухацца далей. Унутраны ціск — таксама імаверны сцэнар: калі будзе моцная напружанасць, могуць адбыцца змены сярод так званых элітаў — і гэта можа прывесці да ўнутранага ціску, — патлумачыў Аляксандр Дабравольскі.
Якім будзе лёс Лукашэнкі і датычных да рэпрэсій пасля змены ўлады?
Паводле Аляксандра Дабравольскага, няма адзінага вызначанага плана для ўсіх датычных да рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Цяпер ідзе праца над дакументам па пераходзе да справядлівасці. Там прапішуць прынцыпы прыцягнення да адказнасці такіх людей.
— Мы зыходзім з адной простай рэчы — што татальнай люстрацыі толькі таму, што людзі займалі пасады, быць не мусіць. Мусіць быць індывідуальная адказнасць, а не калектыўная, — тлумачыць ён. — Гэта значыць, што, калі наступяць змены, людзі, якія відавочна парушалі закон, будуць адхіленыя ад працы. Напрыклад, тыя суддзі, пра якіх вядома, што яны выносілі неправамоцныя прысуды. Тое самае [датычыць] сілавікоў, якія займаліся рэпрэсіямі. Астатнія будуць працаваць. Прапаноўваецца, што будзе атэстацыя.
Як выказаць сваё меркаванне наконт стратэгіі?
Абмеркаванне праекта дакумента пачалося на платформе «Новая Беларусь». Беларусам, якія знаходзяцца ў краіне, яе сузаснавальнік Павел Лібер парэкамендаваў не выкарыстоўваць мабільную праграму, а пераходзіць для абмеркавання па спецыяльнай спасылцы на сайт. Але абмеркаванне даступнае таксама ў праграме.
Чытайце таксама


