Папраўчую калонію № 1 у Наваполацку называюць адной з самых жорсткіх у Беларусі. Тут адбывае пакаранне каля 150 палітвязняў, у тым ліку Віктар Бабарыка. «Радыё Свабода» пагутарыла з беларусам, які нядаўна вызваліўся з гэтай калоніі.
Аляксей (імя змененае з меркаванняў бяспекі) выйшаў з калоніі некалькі месяцаў таму. Былы зняволены расказвае, што Бабарыка вясной-летам мінулага года адседзеў 6 месяцаў у ПКТ і цяпер, імаверна, сядзіць там наступныя 6 месяцаў. Аляксей тлумачыць, што ўсяму, што робяць у калоніі міліцыя і адміністрацыя, спрабуюць надаць нейкую легальнасць.
«Гэта брыдота, замаскаваная пад „законнасць“»
Паводле закона зняволенага могуць трымаць у ПКТ 6 месяцаў. Пасля гэтага адміністрацыя абавязаная вярнуць яго назад у атрад, але на практыцы некаторых зняволеных зноў змяшчаюць у ПКТ. Два тэрміны ў ПКТ — падстава для завядзення крымінальнай справы па артыкуле 411 КК (Непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі) і прызначэння дадатковага тэрміну.
Паводле суразмоўцы «Свабоды», Віктар Бабарыка трапіў у ПКТ практычна адразу пасля заканчэння свайго першага тэрміну.
Суразмоўца нагадвае, што ў 2022−2023 гадах, калі Бабарыка працаваў то на хлебазаводзе, то потым «на вуглях», для яго падбіралі спецыяльныя брыгады. У іх уваходзілі толькі «правераныя» адміністрацыяй людзі. То-бок тыя, хто супрацоўнічае з аховай.
Аляксей кажа, што да лютага 2023 года Віктар Бабарыка ўтрымліваўся ў калоніі на тых жа ўмовах, што і іншыя зняволеныя.
«Было відавочна, што аператыўнікі, іншыя міліцыянты не ўплываюць на яго жыццё. Бо ўсе гэтыя распараджэнні відавочна ішлі не па лініі начальніка калоніі, а „зверху“. Так што да лютага яго асабліва не чапалі. Чаму трэш пачаўся пасля лютага — я не ведаю. ШІЗА, ПКТ і так па коле», — кажа Аляксей.
Суразмоўца дадаў, што праблемы былі і ў тых зняволеных, якія спрабавалі камунікаваць з Бабарыкам. Адміністрацыя спрабавала трымаць яго ў ізаляцыі.
«У камеры ён сядзеў з туркменам, які добра размаўляе па-руску, і зняволеным, блізкім да адміністрацыі», — кажа Аляксей.
Дадатковыя камеры назірання, сігналізацыя
Паводле Аляксея, калі Віктар Бабарыка працаваў у брыгадзе «на вуглях», то там, на пляцоўцы, усталявалі дадатковыя камеры назірання і сігналізацыю.
«То-бок калі Бабарыка пайшоў, скажам, у прыбіральню, пра гэта ведала ўся калонія, бо пра гэта паведамляла сігналізацыя», — сказаў суразмоўца.
З лютага 2023 года да Віктара Бабарыкі перасталі пускаць адваката, таксама яго пазбавілі сустрэч і перадач.
«Нават калі Бабарыку змясцілі ў ШІЗА, то да яго пасадзілі палітычнага з вельмі цяжкім характарам, з якім цяжка знаходзіцца побач, і пенсіянера, які быў вельмі хворы і літаральна хадзіў пад сябе. З такімі людзьмі асабліва не паразмаўляеш», — кажа Аляксей.
Былы зняволены таксама расказвае, што ў красавіку 2023 года Віктар Бабарыка трапіў у медсанчастку.
«Калі ён туды трапіў, у адной палаце была ўсталяваная камера назірання. Відавочна, што для Бабарыкі. Многія зняволеныя бачылі тады праз акно яго з перавязанай галавой. Тым часам міліцыя распаўсюджвала чуткі, што Бабарыка ўпаў. Адзін мой знаёмы зняволены трапіў у медчастку якраз тады, калі там быў Бабарыка. Ён спытаў: „Што з вамі, Дзмітрыевіч?“ Той адказаў: „Я ўпаў“. Мабыць, яму так загадалі сказаць», — успамінае суразмоўца.
Аляксей дадае, што ў калоніі хадзіла інфармацыя пра тое, што ў Віктара Бабарыкі прабітае лёгкае, праблемы з ныркамі і што ён некалькі разоў страчваў прытомнасць.
«Апошні раз яго бачылі ў калідоры ПКТ прыкладна ў лістападзе. Ён моцна схуднеў, але яго позірк быў бадзёрым і упэўненым. Гэта значыць, што яго не зламалі», — дадаў Аляксей.
Чытайце таксама