У Віцебскі абласны савет дэпутатаў балатуецца Павел Мартынаў — гендырэктар холдынгу «Марка» і сын яго ўладальніка. «Люстэрка» знайшло дэкларацыю даходаў Мартынава ў нумары газеты «Витебские вести» ад 2 лютага. Імаверна, ён самы багаты кандыдат у цяперашняй выбарчай кампаніі. За 2022 год прадпрымальнік зарабіў сотні тысяч рублёў, а ў яго ўласнасці — дамы ў Віцебскай вобласці і дзясяткі аўтамабіляў. Расказваем падрабязнасці.
Павел Мартынаў беспартыйны і вылучаецца кандыдатам на Чапаеўскім выбарчым участку ў Віцебску. Канкурэнцыю там яму мае скласці намесніца дырэктара віцебскай «Гімназіі № 3» Ганна Каспяровіч.
Мартынаў задэклараваў 410 953 рублі даходу за 2022 год. То-бок кожны месяц ён атрымліваў 34 246 рублёў. Аднак важна адзначыць, што гэтыя грошы ў большай ступені ён зарабіў не на пасадзе гендырэктара «Марка». Топ-менеджарам холдынгу кандыдат у дэпутаты стаў толькі ў кастрычніку 2022-га. Да гэтага ён узначальваў прадпрыемствы сямейнага холдынгу: фабрыку «Сан-Марка» (ліквідаваная ў сакавіку 2020 года) і «Красный Октябрь».
Ва ўласнасці бізнесоўца знаходзяцца шматлікія аб’екты нерухомасці:
- кватэра ў Віцебску плошчай 74,5 кв.м.;
- дамы ў Бешанковіцкім (55,4 кв.м.), Сенненскім (59,8 кв. м.) і Віцебскім (92 кв. м.) раёнах з прылеглымі зямельнымі ўчасткамі;
- «спецыялізаваны будынак» у Сенненскім раёне (201,9 кв.м.);
- два гандлёвыя аб’екты (агульная плошча — 2457 кв.м.) і будынак для апрацоўкі драўніны (1268 кв. м) у Віцебску.
Акрамя таго, Мартынаў, мяркуючы з усяго, калекцыянуе аўтамабілі. Ён валодае 16 Mercedes-Benz розных мадэляў, якія выпускаліся ў перыяд паміж 1970 і 1990 гадамі. Таксама ў гаражы ў яго — сем аўто маркі BMW, некалькі ўседарожнікаў (у тым ліку Hummer H1 2001 года выпуску) і матацыкл Harley Davidson VRS CDX 2014 года.
Павел Мартынаў — сын былога генеральнага дырэктара і суўладальніка «Марка» Мікалая Мартынава (ён заснаваў кампанію па вытворчасці абутку ў 1991 годзе і назваў па першых літарах прозвішча). Гэты бізнесовец двойчы рабіўся дэпутатам Віцебскага абласнога савета дэпутатаў (апошні раз — у 2010 годзе) і чатыры разы — чальцом Савета Рэспублікі (апошні раз — у 2016 годзе). Выданне Office Life сцвярджала, што так часта ў верхнюю палату парламента Беларусі больш не абіраўся ніводзін бізнесовец.
«Марка» — холдынг з шасці прадпрыемстваў, які вырабляе абутак, галантарэю, футравыя тавары. Асноўны рынак збыту — Расія. У холдынгу працуе каля 4 тысяч чалавек.
Кампанія прыватная, але цесна супрацоўнічае з дзяржавай. Статус холдынгу яна атрымала спецыяльным указам Аляксандра Лукашэнкі ў 2013 годзе. У склад «Марка» тады ўключылі дзяржаўны «Віцебскі футравы камбінат». Тады ж холдынг атрымаў дзяржпазыку на суму 40 мільярдаў рублёў (сума да дэнамінацыі, цяпер гэта 4 мільёны рублёў). Таксама банкам «рэкамендавалі» выдаць кампаніі крэдыты на 50 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, указ гарантаваў «Марка» шэраг мытных і падатковых ільгот. У 2016 годзе ўрад Беларусі ўзяў на сябе выплаты па крэдыце, раней узятым холдынгам у «Белаграпрамбанку».
Чытайце таксама