Паводле інфармацыі Reuters, інвестар з ААЭ Мухамед Алі Алабар, які атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі пад будаўніцтва каля 10 квадратных кіламетраў на поўначы Мінска, вырашыў прадаць сваю долю бізнесу ў Беларусі. Заснаваная гэтым прадпрымальнікам кампанія Emaar Properties займаецца засваеннем і забудовай комплексу «Паўночны бераг», які авансам атрымаў гучны статус «разумнага горада». Як велізарны ўчастак зямлі ўнутры МКАД трапіў у рукі арабскага інвестара, якім чынам улады выкарыстоўвалі праект на піку пратэстаў у 2020 годзе, што за «разумны горад» планавалі пабудаваць на поўначы сталіцы і чаму цяпер усё пад пытаннем? Расказваем.
Як у Мінску з’явіўся «Паўночны бераг»
Увосень 2020 года, калі ў Мінску працягваліся шматлюдныя мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы пачалі актыўна прасоўваць новы горадабудаўнічы праект «Паўночны бераг». ДзяржСМІ расказвалі пра планы пабудаваць «разумны горада» і пра 4 мільярды даляраў, якія плануе ўкласці ў яго кампанія Мухамеда Алі Алабара. Праца над гэтым праектам, паводле ацэнкі апошняга, мусіла стварыць больш за 70 тысяч працоўных месцаў і дадаць 5−7% да ВУП Мінска.
Праўладныя тэлеграм-каналы падымалі ўзровень пафасу яшчэ вышэй, расказваючы пра сустрэчу Лукашэнкі і Мухамеда Алі Алабара 1 кастрычніка ў публікацыях з загалоўкамі накшталт «У Палац Незалежнасці прыляцеў эмірацкі сокал». На гэтай сустрэчы беларускі палітык падарыў арабскаму інвестару слуцкі пояс (заявіўшы, што «гэта пояс для багатых людзей»).
Дзяржаўныя СМІ будучай будоўлі далі імя «грандыёзнага інвестыцыйнага праекта», а прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка назваў Мухамеда Алі Алабара і яго кампанію самым значным інвестарам з тых, што вырашылі рэалізаваць праект, звязаны з непасрэднымі інвестыцыямі ў эканоміку Беларусі.
Галоўчанка заклаў разам з Алі Алабарам сімвалічны першы камень будынка новага Беларускага нацыянальнага выставачнага цэнтра — «якарнага аб’екта» будучага разумнага горада". На яго будаўніцтва на той момант адводзілася «прыкладна 15 месяцаў». Калі б гэтыя тэрміны былі вытрыманыя, Мінск атрымаў бы новы выставачны цэнтр ужо ў пачатку 2022 года. Восенню 2023 года ўвядзенне ў строй гэтай «славутасці нацыянальнага значэння» планаваўся ўжо на 2025 год.
Трэба сказаць, што пачатак работ над «Паўночным берагам» восенню 2020 года аказаўся вельмі дарэчы для прапаганды. Дзяржаўныя СМІ спрабавалі выціснуць максімум з буйнога праекта з замежнымі інвестыцыямі, дэманструючы, што сілавое ўтрыманне ўлады рэжымам Лукашэнкі ў 2020 годзе і адмова дэмакратычных дзяржаваў прызнаць яго законна абраным прэзідэнтам не прывялі да поўнай вонкавай ізаляцыі краіны. Бо пра якую ізаляцыю можа ісці гаворка, калі ўладальнік шматмільярднага бізнесу, што пабудаваў самы высокі ў свеце хмарачос (гаворка пра 830-метровую вежу «Бурдж-Халіфа» ў Дубаі), прызнае Лукашэнку прэзідэнтам і гатовы весці з ім справы нават пасля вельмі спрэчных выбараў?
Зрэшты, тут трэба таксама згадаць, што насамрэч перамовы наконт забудовы паўночнай часткі Мінска арабскімі інвестарамі пачаліся яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, у лістападзе 2019 года. Тады палітык сустрэўся з Мухамедам Алі Алабарам і правёў з ім перамовы за зачыненымі дзвярыма.
Пасля той сустрэчы першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын назваў прыход такога інвестара ў Беларусь «велізарнай заслугай Лукашэнкі». Праўда, сам палітык на той момант усё яшчэ спадзяваўся ўгаварыць будаўнічую кампанію Алі Алабара ўкласціся ў прамысловасць і сельскую гаспадарку. Але, як паказалі наступныя падзеі, арабскі інвестар абраў для працы ў Беларусі той кірунак, у якім прывык працаваць, то-бок будаўніцтва.
Што там хацелі пабудаваць і чаму гэты праект называлі «разумным горадам»
Ужо на стадыі праектавання «Паўночнага берага» раён будучай забудовы атрымаў шматабяцальны эпітэт «разумны горад». У кастрычніку 2020 года Мухамед Алі Алабар расказваў, што яго кампанія хоча зрабіць паўночную частку Мінска «адной з самых перадавых, сучасных, тэхналагічных. Бо менавіта тэхналогіі кіруюць светам. Мы плануем пабудаваць разумны горад у горадзе, ужо актыўна вядзём праектаванне».
Праўда, у чым менавіта будзе заключацца гэтая тэхналагічнасць і інтэлектуальнасць горада, Алі Алабар не расказаў, а абмежаваўся толькі агульнымі фразамі: «У гэтым праекце мы гаворым не пра будынкі, не пра дарогі, інфраструктуру, якая будзе пабудаваная, але ў першую чаргу пра чалавечае жыццё, яго якасць. Мы хочам, каб гэта адбілася на сем’ях, дзецях, каб былі створаныя найлепшыя ўмовы для жыцця, каб былі перспектывы, каб гэта станоўча адбілася на эканоміцы і палепшыла інвестыцыйны клімат, каб гэта прыцягвала ў Мінск больш турыстаў і бізнесоўцаў».
Таксама інвестар запэўніў, што досвед, атрыманы яго кампаніяй за некалькі дзесяцігоддзяў працы, будзе выкарыстаны ў Мінску, каб зрабіць гэты праект найлепшым у свеце. Варта адзначыць, што досвед працы на іншых аб’ектах, якія ўзводзяцца пад кантролем Emaar Properties, часам насіў даволі спецыфічны характар.
Так, будаўніцтва знакамітага хмарачоса «Бурдж-Халіфа» ў Дубаі суправаджалася рэгулярнымі пратэстамі рабочых-будаўнікоў супраць кепскіх умоваў працы і жабрацкага заробку. Прымусіць сціплых працоўных-мігрантаў з Паўднёвай Азіі пайсці на такі крайні крок было няпроста: страйкі і стварэнне прафсаюзаў у ААЭ тых гадоў былі незаконнымі, і будаўнікам, якія страйкавалі, пагражала дэпартацыя. Паводле інфармацыі сайта праваабарончай арганізацыі Migrant-Rights.org, рабочыя на будаўніцтве «Бурдж-Халіфы» працавалі па 12 гадзін на дзень 6 дзён на тыдзень за зарплату, эквівалентную прыкладна 4 далярам за дзень (паводле іншых звестак, каля 175 даляраў за месяц). І без таго жабрацкі заробак у дадатак яшчэ і не заўсёды выплачвалі, а будаўнікоў сялілі ў перапоўненых і брудных працоўных лагерах.
Але вернемся да «разумнага горада», які Emaar Properties збіралася пабудаваць на поўначы Мінска. Хоць сам інвестар ніякай канкрэтыкі што да гэтых планаў не агучыў, словазлучэнне «разумны горад» трывала зраслося з «Паўночным берагам» і актыўна выкарыстоўваецца чыноўнікамі і дзяржаўнымі СМІ. Праўда, таксама без усялякай канкрэтыкі наконт таго, у чым будзе заключацца гэтая самая «разумнасць».
Так, у ліпені 2023 года, калі адкрыўся офіс продажаў будучага жыллёвага комплексу ля Цнянскага вадасховішча, «Паўночны бераг» пазіцыянаваўся як праект «разумнага горада» з высакашчыльнай і звышвысакашчыльнай забудовай. Чакалася, што да 2027 года тут пабудуюць 15,7 тысячы кватэр і 118 сядзібных дамоў, а да 2040 года — 90 тысяч кватэр і 1469 сядзібных дамоў. Акрамя таго, на «Паўночным беразе» мусілі з’явіцца тры паліклінікі, Мінскі цэнтр міжнароднага гандлю і Інстытут штучнага інтэлекту.
Адказ на пытанне, што сабой маюць уяўляць «разумныя гарады» ў разуменні беларускіх уладаў, нам удалося знайсці на сайце Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, якое стала ключавым ведамствам у рэалізацыі праекта «Разумныя гарады Беларусі». Канцэпцыя іх развіцця ў нашай краіне з’явілася акурат у 2019 годзе (за тры месяцы да перамоваў Лукашэнкі і Алі Алабара), а практычная рэалізацыя пачалася ў 2021-м.
Ключавым элементам праекта мусяць стаць дзяржаўныя лічбавыя платформы «Разумны горад», якія ў перспектыве плануецца аб’яднаць у лічбавую экасістэму «Лічбавая дзяржава». Для жыхароў горада практычным інструментам «Разумнага горада» мае стаць праграма «Мой горад», у якой, паводле задумы стваральнікаў, будуць сабраныя папулярныя паслугі канкрэтнага рэгіёна і «доступ да ўсёй гарадской інфраструктуры».
Праўда, мяркуючы з апісання, праграма «Мой горад» у значнай ступені дублюе функцыі мноства інтэрнэт-сэрвісаў, якія ўжо існуюць: сярод яе магчымасцяў стваральнікі адзначаюць магчымасць даведацца рэжым працы крамаў і спартовых аб’ектаў, зарэзерваваць нумар у гатэлі ці ацаніць дарожную абстаноўку. Таксама абяцаюць магчымасць замовіць праз праграму даведку ці запісацца на прыём да мясцовага кіраўніка. Улады збіраюцца выкарыстоўваць праграму для фармавання станоўчага іміджу гарадоў, выкарыстоўваць яго для інтэрактыўнай камунікацыі з жыхарамі, размяшчаць на галоўнай старонцы інфармацыю пра галоўныя падзеі і навіны накшталт блізкага адключэння вады.
Калі вы хочаце даведацца, як выглядае «Разумны горад» ва ўяўленні беларускіх уладаў, то можаце паехаць у Полацк, які стаў першапраходцам сярод беларускіх населеных пунктаў. Тут праграму «Мой горад» запусцілі яшчэ 19 лютага 2021 года. На цяперашні момант «інавацыйную платформу» ўкаранілі ўжо ў 52 гарадах, але не ў Мінску (апошнімі 2 красавіка да спісу дадаліся Расоны).
Ці ўплывае нейкім чынам афіцыйнае ўключэнне населенага пункта ў лік «разумных гарадоў» Беларусі на жыццё яго грамадзян, сказаць складана. Праз год пасля запуску праекта ўлады давалі справаздачу, што Полацк першы па колькасці загрузак праграмы «Мой горад», і сцвярджалі, што там ёю карыстаецца больш за 11 тысяч гараджан. Пра ўзровень запатрабаванасці «паспяхова ўведзенай у эксплуатацыю» праграмы «Мой горад» можна меркаваць з таго, што за гэты ж час, паводле афіцыйных звестак, палачане замовілі праз праграму ўсяго 1,5 тысячы паслуг.
Але ж стварэнне «лічбавай платформы» і праграмы для ўзаемадзеяння з дзяржавай не патрабуюць укладання нейкіх вялікіх сродкаў. У чым можа заключацца «разумнасць» «Паўночнага берага» і што, паводле задумы ўладаў і праектавальнікаў, мусіла адрозніваць яго ад ужо наяўных гарадоў і гарадскіх раёнаў Беларусі?
Магчымы адказ мы знайшлі ў Плане мерапрыемстваў па рэалізацыі комплекснага «праекта будучыні» «Разумныя Гарады Беларусі», зацверджаным намеснікам прэм’ер-міністра Мікалаем Снапковым зусім нядаўна, 21 лютага 2024 года. У гэтым дакуменце прысутнічаюць аб’ёмы фінансавання на рэалізацыю праекта «разумных гарадоў» з 2021 да 2025 года. Агульны аб’ём выдаткаў на праект уражвае — 1,24 млрд рублёў. І хоць «сістэмаўтваральным» элементам плана называецца дзяржаўная лічбавая платформа «Разумны горад», на яе стварэнне запланавалі вылучыць усяго 6,45 млн рублёў. Затое пераканаўча выглядаюць выдаткі на абсталяванне шматкватэрных дамоў і аб’ектаў юрыдычных асоб сістэмамі лічбавага відэакантролю — на гэта заклалі 280 млн рублёў (то-бок у 40 з лішнім разоў больш).
Такім чынам, падобна, што галоўнай асаблівасцю беларускіх разумных гарадоў павінныя стаць сістэмы лічбавага відэакантролю — то-бок шматлікія камеры відэаназірання для кантролю за грамадзянамі.
Усё гэта прыкметна адрозніваецца ад традыцыйнай канцэпцыі «разумных гарадоў», якіх у свеце робіцца ўсё больш. У адпаведнасці з ёю, такія населеныя пункты збіраюць звесткі пра грамадзян, будынкі, прылады, аўтамабілі, актывы для таго, каб рабіць жыццё гараджан лепшым, працу дзяржаўных установаў — якаснейшай і эфектыўнейшай, а размеркаванне рэсурсаў — больш справядлівым. І пры гэтым надзейна абараняюць прыватнасць сваіх жыхароў.
Сапраўдныя «разумныя гарады» актыўна выкарыстоўваюць «інтэрнэт рэчаў», які збірае і аналізуе інфармацыю з датчыкаў, прыладаў і праграм. А сабраныя звесткі выкарыстоўваюць для кіравання транспартнымі сістэмамі, камунальнымі прадпрыемствамі, электрастанцыямі. У выніку тэхналогіі «разумнага горада» дазваляюць скараціць выдаткі і знізіць спажыванне рэсурсаў.
Чаму інвестар мог пакінуць «Паўночны бераг» і што будзе далей
Як бы там ні было, будучыня «Паўночнага берага» цяпер выглядае цьмянай. Пакуль невядома, хто і на якіх умовах пагадзіўся выкупіць беларускія актывы Мухамеда Алі Алабара. Крыніцы Reuters сцвярджаюць, што рашэнне інвестара пакінуць Беларусь стала сюрпрызам для Лукашэнкі — і, відаць, гэта сапраўды так. Бо яшчэ зусім нядаўна неба над «Паўночным берагам» здавалася абсалютна бясхмарным.
Улетку 2022 года Алі Алабар, наведваючы Мінск, запэўніваў, што праект працягвае развівацца: «Я вельмі аптымістычна настроены, нават сумневу ніякага не было, што праект можа быць прыпынены, усё развіваецца згодна з планам. Я вас запэўніваю: такога праекта, як будзе пабудаваны ў Мінску, яшчэ не было нідзе ў Еўропе. Па ўзроўні якасці і сэрвісу гэта будзе найлепшае не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе. Але цана пры гэтым будзе прымальнай для беларускага рынку».
А ў жніўні 2023 года Лукашэнка нават перадаў беларускай кампаніі Алі Алабара «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд» дадатковыя 8 гектараў мінскай зямлі.
Reuters звязвае рашэнне арабскага інвестара з санкцыямі ЗША, накладзенымі на Беларусь пасьля таго, як Лукашэнка падтрымаў Расію ў нападзе на Украіну. Рэч у тым, што ў сярэдзіне сакавіка Мухамед Алі Алабар пачаў сумесны праект з Джарэдам Кушнерам (зяцем Дональда Трампа) у сталіцы Сербіі Бялградзе. Тут партнёры займаюцца перабудовай былога будынка штаба югаслаўскай арміі ў жылы комплекс. Паколькі амерыканскія санкцыі забараняюць грамадзянам ЗША весці бізнес з Лукашэнкам, яго атачэннем і афіляванымі з імі кампаніямі, актывы ў Беларусі, імаверна, пачалі перашкаджаць інвестару з ААЭ наладжваць партнёрства з зяцем былога і, магчыма, будучага прэзідэнта ЗША.
Калі прыход Мухамеда Алі Алабара ў Беларусь — сапраўды велізарная заслуга Лукашэнкі, як заяўляў у 2019 годзе Аляксандр Турчын, то і ў яго адыходзе таксама вінаваты сам палітык. А дакладней, прынятае ім у лютым 2022 года рашэнне падтрымаць расійскую агрэсію супраць Украіны. Пасля гэтага беларускія актывы сталі занадта таксічнымі нават для не асабліва пераборлівага інвестара з ААЭ.
Сайт аддзела продажаў «Рыверсайд Дэвэлапмент Лімітэд» у Мінску працуе ў ранейшым рэжыме — ніякіх абнаўленняў, звязаных з адыходам Мухамеда Алі Алабара з Беларусі, там пакуль не з’явілася.
Тым часам у тэматычных чатах у Telegram дольшчыкі «Паўночнага берага» і іншыя беларусы, што прыглядаліся да перспектыўнага праекта, актыўна дзеляцца сваімі думкамі наконт таго, што адбываецца. Хтосьці з іх сумняваецца ў тым, ці застанецца пасля адыходу арабскага інвестара ў сіле канцэпцыя адносна нізкапавярховага раёна з дагледжанымі дварамі і сучаснай архітэктурай, і асцерагаецца, што «Паўночны бераг» ператворыцца ў чарговую зону панэльнай забудовы. Іншыя раяць не панікаваць і цвяроза ацэньваць сітуацыю.
Але ўжо цяпер можна ўпэўнена сказаць адно: чарговы мегапраект, які быў анансаваны Лукашэнкам і гучна прасоўваўся дзяржаўнымі СМІ, сутыкнуўся з сур’ёзнымі праблемамі. А таму цалкам імаверна, што вынік, як гэта ўжо часта бывала, будзе кардынальна адрознівацца ад першапачатковых грандыёзных планаў.
Прапаганда рэгулярна расказвае пра «казачныя» праекты, якія чакаюць беларусаў у будучыні. «Люстэрка» глыбока разбіраецца ў планах і абяцаннях беларускіх уладаў, і тлумачыць, у чым іх сутнасць і хто на іх спрабуе зарабіць.
Падтрымайце рэдакцыю, каб мы працягвалі сваю працу 👇
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


