Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк сустрэўся са зняволенымі калоніі № 15, якая знаходзіцца пад Магілёвам. Яго візіт адбыўся зімой, але пра яго стала вядома толькі цяпер. Сваяк аднаго са зняволеных, які захацеў застацца неназваным, расказаў падрабязнасці сустрэчы, якія даведаўся ад яго, паведамляе «Радыё Свабода».
— Нас было больш за 100 чалавек, нас прывялі ў клуб і сказалі, што будзе лекцыя з гісторыі вайны. Выйшаў гэты Ігар Марзалюк, але з нас яго амаль ніхто не ведаў. Тое, што ён дэпутат ці былы гісторык, ведалі, можа, адзінкі. Слухалі, як заўсёды любога лектара ці міліцыянта, напаўвуха. А той паступова пачаў крычаць на нас, вучыць нас жыццю. Сказаў: «Вось вы на мяне „наязджалі“, крытыкавалі, і што цяпер? Дзе вы? Седзіце ў турме. І дзе я?» Як мы з хлопцамі зразумелі, гэта ён спрачаўся з уяўнымі палітвязнямі, якіх насамрэч на сустрэчы амаль не было. Я так бачыў толькі аднаго «жаўтабірачніка», астатніх не заўважыў, — пераказаў словы зняволенага яго сваяк.
Асуджаны, які прысутнічаў на сустрэчы, лічыць, што «палітычных» туды наўмысна не пусцілі, але Марзалюку пра гэта не сказалі.
— Ён жа ўсё роўна не разбіраецца, не ведае, што «палітычныя» — з жоўтымі біркамі. Вось так і слухалі тую лекцыю. Марзалюк крычаў на нас, а мы маўчалі. Разумення відавочна не атрымалася. Я слухаў і думаў, што гэта ты такі смелы, бо вакол мянты, — так, са словаў крыніцы, апісаў яму тую сустрэчу зняволены.
Чытайце таксама