Для вызвалення палітвязняў неабходна спрабаваць уступіць у перамовы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і прапанаваць вярнуць амбасадараў заходніх краін. Такую думку выказаў лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк у эфіры ютуб-каналу Warta 23 жніўня, паведамляе «Позірк».
Палітык прапанаваў разглядаць палітзняволеных як палонных на вайне.
— Ніхто не кантактуе з чыноўнікамі, ні з [міністрам замежных спраў Максімам] Рыжанковым не кантактуе. 〈…〉 Няма ніякіх перамоў. І значыць, будуць толькі лозунгі: «Вызваляйце палітвязняў, іначай мы вам граніцу перакрыем, — сказаў ён. — Яны (улады. — «Позірк».) чыхалі на гэта ўсё.
Выкарыстоўваюць магчымасці могуць тыя, хто валодае «сродкамі абмену», адзначыў Пазьняк.
— Што мы можам абмяняць? Санкцыі, — сказаў ён.
Палітык раскрытыкаваў прапанову сябры Каардынацыйнай рады палітолага Андрэя Ягорава часткова прызнаць легітымнасць Лукашэнкі ў абмен на вызваленне палітвязняў, назваўшы яе «лухтой, якая ні да чаго не прывядзе, акрамя толькі таго, што з людзей будуць смяяцца».
— Але тут ёсць рацыянальнае зерне, калі да гэтага падысці з веданнем юрыдычным і жаданнем палітычным, — дадаў кіраўнік «Вольнай Беларусі».
Паволе яго, з 1996 года ні адна выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаныя Захадам: «І гэта была нелігітымная ўлада. А былі амбасады. 〈…〉 Па факце былі кантакты, і былі вынікі гэтых кантактаў. Але гэта не значыць, што яго (Лукашэнку. — «Позірк».) прызналі легітымным».
— Ну давайце, дайце магчымасць прызнання яго па факце. 〈…〉 Гэта значыць, што можна вярнуць амбасады некаторыя (г. зн. амбасадараў. — «Позірк».), некаторых прадстаўнікоў. Гэта дасць магчымасць некаторых яго чыноўнікаў запрасіць на Захад, таго ж самага міністра замежных спраў, якога ён прызначыў. І пагаварыць канкрэтна аб вызваленні палітвязняў, — заявіў палітык. — А размова такая: «Што вы хочаце [узамен]?» Іначай нічога не адбываецца. Гэта вайна.