У 2020-м славутага беларускага дырыжора Вячаслава Чарнуху-Воліча звольнілі з мінскага Опернага тэатра праз палітыку — на пасадзе ён знаходзіўся два дні. Дырэктар, які падпісаў загад, даўно на пенсіі, а Воліч цяпер узначальвае аркестр Адэскай оперы. Колькі дзён таму ён атрымаў разам з усім калектывам прэмію International Opera Awards — адну з самых прэстыжных у гэтай сферы (своеасаблівы оперны «Оскар»). Мы паразмаўлялі з ім пра скандальнае звальненне, добраахвотны ад’езд з Масквы, працу пад налётамі і жыццё ў горадзе без вады і электрычнасці.
«Пасля „Крымнаш“ мы з жонкай зразумелі, што не бачым у такой краіне сваёй будучыні»
— Два гады таму, у жніўні 2020-га, здарылася дзіўная гісторыя. Вас прызначылі галоўным дырыжорам мінскага Опернага, а праз два дні звольнілі. Што тады адбылося?
— Хадзілі чуткі, што ў розныя арганізацыі прыходзілі спісы «нядобранадзейных». Такі спіс нібыта прыйшоў і ў Оперны. Мне казалі, што маё прозвішча ішло пад першым нумарам. Наколькі гэта справядліва, не ведаю.
— Хадзілі чуткі, што адзін з калег-дырыжораў да таго ж напісаў на вас данос.
— Я ведаю гэтую версію, але не магу нічога пацвярджаць. Калі б у мяне была размова са следчым, які паказаў мне такі дакумент… А так магу адказаць, што, можа, гэта чуткі, а, можа, і праўда. Прыемнага ў гэтым мала.
— Як паводзіла сябе дырэкцыя?
— Мне прапанавалі «джэнтльменскае» пагадненне: я напішу заяву «па стане здароўя», а праз некалькі месяцаў зноў стану па статусе галоўным дырыжорам. Спрачацца не стаў, сказаў, што такую заяву напішу.
Тады ўся мая сям’я хварэла на каранавірус. Я ачуняў толькі ў канцы верасня і пачаў хадзіць на рэпетыцыі балета «Шчаўкунок» — мусіла адбыцца яго новая рэдакцыя. У сярэдзіне кастрычніка правёў некалькі спектакляў, пасля чаго з’ехаў у Адэсу.
— Чаму ў Адэсу? Вы ж адтуль звольніліся, калі вярнуліся ў Мінск.
— Не, я адтуль і не сыходзіў. У Адэскі оперны тэатр я перайшоў на працу ў 2019-м, а дагэтуль сем гадоў працаваў у маскоўскім Музычным тэатры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. Тое, што я змог напрацаваць у сталіцы Расіі, пачуць, убачыць і зразумець, — гэта мой багаж і творчыя здабыткі. Дагэтуль карыстаюся той базай і ўзроўнем арганізацыі творчай працы. Маё вуха выхаванае на гэтым узроўні. Ніводны тэатр не даў мне столькі, як гэты маскоўскі калектыў.
Але пасля 2014 года, пасля «Крымнаш» і гэтак далей (гаворка пра анексію Крыма Расіяй. — Заўв. рэд.), мы з жонкай зразумелі, што не бачым сваёй будучыні ў такой краіне. Таму калі даведаўся пра конкурс на пасаду галоўнага дырыжора ў Адэсе і выйграў яго, быў вельмі шчаслівы. Нашая сям’я даўно любіць гэты горад, ён падыходзіць нам па светапоглядзе.
Першы сезон у Адэсе аказаўся надзвычай плённым. Мы цудоўна спрацаваліся з Надзеяй Бабіч — выдатным дырэктарам тэатра. Вясной 2020-га яна сказала мне вельмі істотную фразу. Ніхто тады не думаў, што яна спатрэбіцца. «Я жадаю, каб вашая кар’ера развівалася, — сказала Надзея Мацвееўна. — Але калі ў вас будуць нейкія праблемы, вы можаце разлічваць, што заўсёды сюды вернецеся».
Калі з’явілася прапанова з Мінска, яна спытала, навошта мне канчаткова сыходзіць. Таму мы дамовіліся, што я падпішу ў Мінску кантракт, але буду прыязджаць у Адэсу так часта, наколькі гэта атрымаецца. Як толькі Бабіч пачула пра маё звальненне, мы стэлефанаваліся, і яна спытала, калі мяне чакаць. У выніку мы дамовіліся з Мінскам, што я «Шчаўкунка» ўсё ж раблю, завяршу гэтую гісторыю, а потым вярнуся ў Адэсу.
«У Адэсе мяне чакалі, на радзіме ж, як толькі ўзніклі праблемы, сказалі, што іх гэта не тычыцца»
— А потым у кастрычніку выйшаў знакаміты сюжэт на канале СТБ.
— Так, з экранаў паведамілі, што я, дырыжор Андрэй Галанаў, спявак Ілля Сільчукоў і іншыя арганізавалі «апазыцыйную групу». Я тады напісаў у тэатр: вы ж ведаеце, што гэта ўсё хлусня, і папрасіў [дырэктара Аляксандра] Пятровіча, каб яны далі абвяржэнне. Мне адказалі: вы ж нічога не рабілі, значыць, вам няма пра што хвалявацца. Я абурыўся, што так не пойдзе. Мы дамовіліся трымацца пэўных дамоўленасцяў, застаёмся партнёрамі, а тут такая хлусня. «Не-не, — адказалі мне, — мы нічога абвяргаць не будзем. Вы спакойна працуйце».
Прайшло зусім крыху часу, і ўсіх — Галанава, Сільчукова, галоўнага канцэртмайстра Рэгіну Саркісаву, музыкаў Аляксандру Пацёміну і Алу Джыган — звольнілі. Прычым па жахлівым артыкуле: за амаральныя ўчынкі. Іх звольнілі адусюль — нават з музычных школ, дзе яны выкладалі, каб яны не маглі застацца ў прафесіі. Тады напісаў у Мінск, што не згодны, што не змагу прыехаць у тэатр. Я лічу, што маіх калег звольнілі беспадстаўна. Таму адмаўляюся ад усіх запланаваных спектакляў, пакуль іх не адновяць на пасадах.
Магчыма, гэта быў крыху эмацыйны ўчынак, але я не мог зрабіць па-іншаму. Але дырэкцыя так радасна ў гэта ўчапілася. Знялі ўсе мае спектаклі, якія былі запланаваныя і на Новы год, і далей. І на гэтым нашыя адносіны з тэатрам скончыліся.
Ва ўсялякім разе ў мяне не было намераў рваць адносіны да таго сюжэта па тэлебачанні. Да таго ж там былі зусім розныя людзі. Усіх аб’яднаць і зрабіць з усіх арганізацыю — гэта накшталт таго, што было ў трыццатыя гады [мінулага стагоддзя], калі спецслужбы скляпалі «Саюз вызвалення Беларусі» і іншыя структуры, што нібыта кіраваліся з Польшчы, Японіі і іншых краін.
Я вельмі расчараваны тым, як склаліся падзеі. А які кантраст паміж Адэсай і Мінскам! Там мяне чакалі, на радзіме ж, як толькі ўзніклі праблемы, сказалі, што іх гэта не тычыцца. Гэта прынцыповая розніца ў адносінах.
Але я не змог бы звальняць людзей ці пісаць нейкія характарыстыкі. Несправядліва выкідваць людзей, якія аддалі жыццё гэтаму тэатру. Ёсць толькі мастацкія крытэрыі — калі ўзровень танцора або спевака недастаткова высокі, тады гэта можа стаць падставай для звальнення. Але калі хтосьці штосьці сказаў ці прайшоў са сцягам… Хтосьці напісаў данос, хтосьці — іншае. Гэта бруд, бруд і яшчэ раз бруд. Зрэшты, мы бачым, што рэпрэсіі працягваюцца дагэтуль.
— Пасля гэтых падзей вы з кіраўніцтвам Опернага не кантактавалі?
— Ні са старым, ні з новым. Я шмат кантактаваў з [цяперашнім дырэктарам] Кацярынай Мікалаеўнай [Дулавай], але калі яна была рэктарам Акадэміі музыкі. Яна запрасіла мяне кіраваць сумесным моладзевым аркестрам мінскай і маскоўскай кансерваторый. Тады я яшчэ жыў і працаваў у Маскве, і гэта было вельмі зручна: праводзіў там рэпетыцыі, а калі прыязджаў у Мінск, то рэпетаваў тут, а потым мы аб’ядноўваліся і ладзілі сумесныя канцэрты.
Кацярына Мікалаеўна вельмі дапамагала, калі мяне запрасілі ў Белтэлерадыёкампанію. Там быў аркестр, які працаваў у вельмі кепскіх фінансавых умовах. Мы хацелі, каб ён перайшоў на іншы ўзровень. Працавалі ў гэтым кірунку, але не склалася.
Але калі яна стала дырэктаркай тэатра, у нас не было ніякіх стасункаў, не гучала ніякіх прапановаў з яе боку.
— А стасункі з іншымі супрацоўнікамі тэатра былі? Вас жа віншавалі з перамогай на International Opera Awards?
— У тым і сэнс — літаральна некалькі чалавек. Ці то людзі так напалоханыя. Не разумею (паўза). Жонка кажа, што, можа, інфармацыі няма на радзіме. Здавалася б, Расія і Украіна цяпер — краіны-праціўнікі. Але нават адтуль мяне віншавалі. А вось з Беларусі — амаль ніхто. Гэта вельмі прыкра.
«Наш горад ніколі не здасца. Разумееце, Адэса не любіць ніякіх акупантаў»
— Вы тры гады працуеце ва Украіне. Гэтая краіна вас моцна змяніла?
— Я пачаў разумець, чаму такая прыгожая мова ў Караткевіча (усміхаецца). Відаць, таму, што ён скончыў Кіеўскі ўніверсітэт. Я не мовазнаўца, але мне здаецца, што шмат словаў і выразаў у яго лексіцы з’явіліся дзякуючы навучанню ва Украіне. Можа, я не маю рацыі, але трэба ўсіх нашых пісьменнікаў адправіць у Кіеў ці Львоў на пару годзікаў (усміхаецца).
— Заўважылі, што вы пачалі пісаць у сацыяльных сетках па-ўкраінску.
— Тое, што тычыцца тэатра і Украіны, імкнуся пісаць па-ўкраінску. Натуральна, я карыстаюся слоўнікамі, бо яшчэ не так добра валодаю ўкраінскай мовай. Але імкнуся добра ведаць яе і па пасадзе, і для сябе. Гэта мая прынцыповая пазіцыя.
Дык вось, як мяне змяніла Украіна. Асабліва моцна на нас паўплывала вайна. Калі мы былі дзецьмі, нашыя бацькі на застоллях і святах падымалі келіхі: «Каб не было вайны». Здавалася б, яе ж няма, за што тут піць? А яны гэта заспелі — ведалі, пра што кажуць. Для ўсіх людзей, якія засталіся ва Украіне, гэта самае галоўнае. Вайна, як і ўсе выпрабаванні, паказвае, на што чалавек здатны, які ў яго светапогляд.
Калі мы пачалі працаваць падчас вайны, гэта настолькі, даруйце за пафас, абвастрыла ўсе струны душы. Большасць з тых, хто цяпер служыць у тэатры, паводзіць сябе абсалютна гераічна. Адносіны сталі цяплейшымі, эмоцыі — мацнейшымі, людзі сталі больш чуллівымі да любой праблемы, дапамагаюць адно аднаму, дыяпазон эмоцый вельмі-вельмі пашырыўся.
Нягледзячы ні на што — ні на вайну, ні на якія абставіны — Адэскі тэатр цяпер для мяне родны калектыў. З выдатнай трупай, вельмі класным аркестрам, хорам, балетнай трупай. Усе спектаклі, якія мы робім, мы робім з задавальненнем. Паверце майму досведу — такое нячаста бывае.
— Калі пачалася вайна, у вас не было думкі на пэўны час з’ехаць?
— Я лічу, што кіраўнікі на тое і кіраўнікі. Усе глядзяць на іх паводзіны. З кіраўніцтва Адэскага тэатра ніхто не з’ехаў і не пакінуў свае калектывы. Мы праводзілі нарады па тэлефоне, абмяркоўвалі, што будзем рабіць, як працаваць. Дырэкцыя рабіла ўсё магчымае, каб аднавіць працу.
Але асаблівай паўзы ў нас не было. Мы арганізавалі невялікія творчыя брыгады, якія выступалі ды і цяпер выступаюць, перад салдатамі, у шпіталях. Наладзілі супрацу з «Сусветным клубам адэсітаў», які калісьці ўзначальваў Міхаіл Жванецкі. Яны імкнуцца аб’яднаць усіх жыхароў горада, якія цяпер жывуць па ўсім свеце. Разам з імі ладзілі канцэрты. Яны рабілі трансляцыі, і гэта быў знак, што Адэса працуе і змагаецца.
У канцы лютага і музыкі, і артысты балета, і хору, і оперныя салісты пайшлі ў тэрытарыяльную абарону. Быў такі патрыятычны выбух, што туды стаялі чэргі. Многім сказалі, што месцаў няма, але папярэдзілі, што пры патрэбе да іх звернуцца. У іншых, у каго, напрыклад, ёсць машыны, папрасілі дапамогі. Адзін з нашых салістаў пад кулямі вазіў грузы ў Мікалаеў.
Артысты грузілі на пляжах пясок у мяшкі і перавозілі іх на машынах. А ўжо спецыяльныя людзі (вайскоўцы і камунальшчыкі) будавалі ўмацаванні — у тым ліку вакол тэатра.
Усё гэта паказала, што жыццё працягваецца і наш горад ніколі не здасца. Разумееце, Адэса не любіць ніякіх акупантаў. Тут былі і румыны, і немцы… Кажуць, што Адэса — рускі горад. Не дай бог, каб яны сюды прыйшлі — такая б была партызаншчына. Але як з’явілася паветраная абарона, стала зразумела, што ніхто Адэсу не здасць.
«Крыху пазней дазволілі паказваць спектаклі. Абавязковай умовай сталі два бамбасховішчы»
— Але спачатку гораду было цяжка.
— Так, быў вельмі цяжкі перыяд, калі ўвесь горад нібыта вымер. Машын на вуліцах няма. Знікла паліва. Потым пачалі закрывацца крамы і кавярні, амаль нічога не працавала. Быў вельмі прыгнечаны стан, калі мы кожны дзень чакалі ці то дэсанту, ці то абстрэлу. Было вельмі страшна. Бо гэта вайна, тут гінуць людзі. Гэта сапраўды велічэзная трагедыя. Гэта толькі ў Маскве добра, яны там нейкую «спецаперацыю» праводзяць.
Па ўсім цэнтры ўсталяваліі супрацьтанкавыя вожыкі. Немагчыма было нікуды прайсці — усюды стаялі патрулі. Мы хадзілі толькі з нашымі пасведчаннямі — і тое калі ваенная адміністрацыя дазволіла прыходзіць у тэатр.
А вось дзесьці з сярэдзіны красавіка стала трошачкі вальней дыхаць. Нягледзячы на гэтыя абстрэлы, якія мы адчуваем кожны дзень і на якія ўжо не звяртаеш увагі — надакучыла бегаць па хованках.
— Вы аднавілі сваю працу з анлайн-канцэртаў.
— У пачатку чэрвеня нам дазволілі рэпетаваць, але без публікі. Бо хтосьці б абавязкова напісаў, што сабралася, умоўна, тысяча чалавек. А ракеты ж хутка ляцяць. Таму дазволу не было. Мы спецыяльна прыдумалі такую форму: будзем запісваць канцэрты і трансляваць іх на тэатральных старонках у інтэрнеце, каб паказаць, што ўсе мы жывыя і працуем. Вядома, нам было дзіўна, што зала пустая, але ўсё роўна адчувалі кантакт і разумелі, што нашая праца неабходная. Нам самім гэта было вельмі патрэбна.
Крыху пазней дазволілі паказваць спектаклі. Абавязковай умовай сталі два бамбасховішчы — з вентыляцыяй, вадой, сувяззю, — якія зрабілі ў падвале. Адно — для ўсіх супрацоўнікаў, другое — для гледачоў. Калі абвяшчаецца паветраная трывога, усе туды спускаюцца, а потым працягваем працаваць. Пасля такіх вымушаных паўзаў адчуваецца яшчэ большы нерв, напружанне. Творчасці гэта нават дапамагае (сумна ўсміхаецца).
З такімі прыпынкамі праходзіць амаль кожны спектакль. Я быў шчаслівы, калі адзін са спектакляў прайшоў без затрымак. Памятаю адзін паказ, які мы так і не змаглі працягнуць. Пачалі оперу «Тоска», сыгралі 5−7 хвілін — і ўсё. Папярэдне абмеркавалі з кіраўніцтвам і напісалі на сайце і на білетах, што ў выпадку працяглай паветранай трывогі спектакль адмяняецца, а гледачы могуць наведаць іншыя паказы. Тады мы чакалі, і наш глядач чакаў. Замест гадзіны — ніхто не хацеў разыходзіцца — гадзіну 40 хвілін. Пасля вырашылі, што, на жаль, працягваць не будзем. Але гэта быў адзіны такі спектакль. Астатнія ішлі з паўзамі — паўгадзіны, сорак хвілін, гадзіна. Таму кожны паказ успрымаецца як прэм’ерны і выконваецца на такім нерве.
«Так мы і жывём — без цяпла, без электрычнасці, без вады»
— Тэатр падчас вайны — што ў ім змянілася, мусіць змяніцца?
— Ёсць прынцыповыя моманты. Сярод іх — пастанова ўкраінскага ўрада, згодна з якой ва ўсіх тэатрах забаронена выконваць рускую музыку і іграць рускія спектаклі. Усе яны сышлі з рэпертуару. На які час — гэта невядома. Можна зразумець людзей, на галаву якіх падаюць бомбы, што яны не жадаюць слухаць Чайкоўскага ці Рахманінава. Гэтыя кампазітары не маюць дачынення да гэтай вайны, але трэба дачакацца, пакуль яна скончыцца. Тады грамадства выкажа сваю думку. Цяпер украінцы супраць. Гэта рэакцыя ў адказ на тое, што робіць руская армія.
Па рэпертуары мы імкнёмся максімальна скараціць час. Паказваць кароткія спектаклі і не вельмі доўгія канцэрты. Акрамя ўсяго, у нас яшчэ і каменданцкая гадзіна. Мы павінныя думаць пра людзей, якія мусяць даехаць дадому нейкім чынам.
Цяпер мы аднаўляем оперу «Кармэн», якая не ішла з пачатку вайны. Напэўна, гэта будзе самы працяглы спектакль, які ёсць у рэпертуары — больш за тры гадзіны. Нават «Аіда» трошкі карацейшая.
— Забаўляльныя спектаклі цяпер дарэчы?
— Вядома, яны цяпер вельмі патрэбныя. Людзі ўвесь час знаходзяцца ў стане стрэсу. Трэба выходзіць з гэтага стану і на нейкі час пераключацца. Нездарма гледачы, якія ішлі на першыя спектаклі [падчас вайны], часта не стрымлівалі слёз. І для іх, і для нас такія паказы вельмі неабходныя.
Цяпер дадаліся іншыя праблемы: у нас няма электрычнасці, цяпла, вады і гэтак далей. А калі выключаецца электрычнасць, то нічога не працуе. Да таго ж дзень кароткі, халодна, зіма — стрэс толькі павялічваецца.
Цяпер я размаўляю з вамі з тэатра. Нашае кіраўніцтва добра працуе з гарадской адміністрацыяй, таму тэатральную інфраструктуру аднавілі ў першую чаргу. У нас толькі адны суткі не было электрычнасці. А ў горадзе яе няма. Мы прыходзім дадому, а там даюць на адну-дзве гадзіны трошачкі — і адключаюць. Так мы і жывём — без цяпла, без электрычнасці, без вады. Цяжка гэта ўявіць, але гэта нашая рэчаіснасць.
— У верасні ў Адэсе адбылася сусветная прэм’ера оперы «Кацярына» паводле твора Тараса Шаўчэнкі.
— Дзякуючы гэтай прэм’еры мы — разам з львоўскім тэатрам — і атрымалі міжнародную прэмію International Opera Awards. За тое, што аднавілі сваю працу падчас вайны. За гераічныя ўчынкі на культурным фронце (усміхаецца). Не проста працавалі, а выпусцілі прэм’еру ва ўмовах, у якіх проста немагчыма працаваць.
Тэатр замовіў гэтую оперу кампазітару Аляксандру Родзіну тры гады таму. Хацелі выпусціць яе ў сакавіку 2022-га да Міжнароднага дня тэатра. Мы ўжо выходзілі на фінішную прамую, але пачалася вайна, і ўсё адклалі. Пра пастаноўку гэтай оперы варта напісаць цэлую кнігу. У нас было замоўлена так шмат сцэнічных касцюмаў, што нашыя цэхі не спраўляліся з імі. Таму частку замовілі ў харкаўскіх майстэрнях. Пачалася вайна, а там бамбёжкі. Майстры спачатку з’ехалі ў Польшчу, потым неяк дэтэктыўна вярнуліся, узялі матэрыялы, даставілі сюды, ў Адэсу, і тут дашывалі.
А яшчэ ў нас столькі людзей з’ехала. Ад даваеннага складу засталося прыкладна тры чвэрці. Чвэрць (ці пятая частка) з’ехала ў першыя месяцы. Асабліва жанчыны з дзецьмі. А гэта і частка хору, і частка аркестра, і частка салістаў. Шмат хто вярнуўся — хтосьці неўзабаве, іншыя летам або нядаўна, восенню, бо хочуць працаваць, не хочуць кідаць свой тэатр. Хоць некаторыя салісты і цяпер знаходзяцца за мяжой. На жаль, з імі давялося развітацца. Нам трэба працаваць, браць новых людзей. Але тады, перад прэм’ерай іх шукалі па ўсім горадзе, літаральна кідалі кліч, хто можа. Гэта было вельмі цяжка, але мы справіліся.