Асноўнай задачай народнага апалчэння стане абарона сваёй мясцовасці і забяспечанне правапарадку сумесна з міліцыяй. Пра гэта расказаў міністр абароны Віктар Хрэнін, перадае БЕЛТА. Праект закона «Пра народнае апалчэнне» быў распрацаваны Міністэрствам абароны сумесна з Міністэрствам унутраных справаў.
Навошта спатрэбіўся закон пра народнае апалчэнне?
«Неабходнасць прыняцця гэтага закона абумоўленае двума фактарамі. Па-першае, гэта стварэнне дадатковых умоваў для падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага становішча на тэрыторыях, якія ў найменшай ступені будуць ахопленыя органамі ўнутраных справаў і войскамі. А гэта перш за ўсё нашыя вясковыя населеныя пункты, асобныя раённыя гарады. Другі фактар — гэта даць нашым грамадзянам, якія не будуць ахопленыя мабілізацыйнымі мерапрыемствамі, магчымасць удзельнічаць у абароне краіны», — растлумачыў Віктар Хрэнін.
Пра што гаворыцца ў законапраекце?
У законапраекце прадугледжана, што склад, колькасць, задачы народнага апалчэння будуць вызначаць органы мясцовай улады.
«Аднак асноўнай задачай для народнага апалчэння застаецца абарона перш за ўсё свайго дома, сваёй маёмасці і выкананне мерапрыемстваў па забяспечанні правапарадку сумесна з міліцыяй», — расказаў міністр абароны.
Паводле дакумента, добраахвотнікі, якія ўступілі ў шэрагі народнага апалчэння, будуць размяшчацца па месцы жыхарства і выконваць свае працоўныя функцыі. У наймальніка будзе права вызваляць гэтых грамадзян ад працы з захаваннем заработнай платы і працоўнага месца.
«Мы таксама прадугледзелі, што на добраахвотнікаў будуць распаўсюджвацца і сацыяльныя гарантыі: тыя, якія распаўсюджваюцца на вайскоўцаў па мабілізацыі», — адзначыў Віктар Хрэнін.
Калі ў Беларусі будуць ствараць народнае апалчэнне?
Восенню 2022 года ў Беларусі правялі эксперымент па арганізацыі народнага апалчэння. Ён прайшоў на базе Лабжанскага сельскага савета Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
«Людзі адгукнуліся. Ахвочыя ўзяць удзел у народным апалчэнні прыйшлі. Мы з імі правялі адпаведныя заняткі і зразумелі, што ў нашых людзей ёсць такая патрэба — спрычыніцца да забяспечання абароны нашай дзяржавы. У цэлым лічу, што народнае апалчэнне, якое мы ствараем, дапоўніць і павысіць магчымасць той жа тэрытарыяльнай абароны і палепшыць якасць выканання задач па забяспечанні абароны нашай краіны», — заявіў кіраўнік Мінабароны.
Склад народнага апалчэння, усе спісы будуць вызначаныя ўжо цяпер, у мірны час. Каб у выпадку ўзнікнення пагрозы гэтыя пытанні «не давялося вырашаць імгненна».
«Хутка і імгненна нічога не атрымліваецца і не ствараецца, — заўважыў Віктар Хрэнін. — Кантрольныя, праверачныя мерапрыемствы, якія мы праводзім як з узброенымі сіламі, так і з тэрытарыяльнай абаронай, мы будзем праводзіць у тым ліку і з народным апалчэннем. Кожны павінен умець валодаць зброяй і абараняць свой дом. Гэтая сутнасць і закладваецца ў стварэнні народнага апалчэння».
Колькі грамадзян можа трапіць у народнае апалчэнне?
Паводле разлікаў вайскоўцаў, колькасць народнага апалчэння можа скласці 100−150 тыс. чалавек. Але ў Міністэрстве абароны не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць і больш.
«У нас дастаткова мабілізацыйнага рэсурсу, які знаходзіцца на ўліку ў нашых вайсковых камісарыятах. Мы правялі праверку і бачым, што яны не ўсе будуць задзейнічаныя па мабілізацыйным плане. Гэта перш за ўсё тыя людзі, якія ўжо навучаныя і ўмеюць валодаць зброяй. Але мы не выключаем, што добраахвотнікамі могуць стаць і тыя людзі, якія не прайшлі вайсковую падрыхтоўку, у тым ліку жанчыны», — расказаў міністр абароны.
Для добраахвотнікаў прадугледжаныя курсы падрыхтоўкі.
«Мы ў кароткі прамежак часу здольныя навучыць людзей. Як падчас стварэння народнага апалчэння, так і да стварэння, у мірны час», — дадаў Віктар Хрэнін.
Калі і хто ў Беларусі загаварыў пра народнае апалчэнне
Нагадаем, сёння, 20 лютага, Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Саветам бяспекі Беларусі праект закона «Пра народнае апалчэнне».
Упершыню пра яго загаварылі ў траўні мінулага года — кіраўнік Мінабароны Віктар Хрэнін тады абвясціў, што яму паставілі задачу стварыць у Беларусі «народнае апалчэнне».
«Галоўнакамандуючым пастаўленая задача стварыць у нас у краіне і народнае апалчэнне. Гэтае пытанне, сапраўды мы бачым, вельмі патрэбнае. Самае галоўнае, што ў нас ёсць для гэтага і людзі, і ўзбраенні», — заявіў тады Хрэнін. Паводле яго словаў, дзякуючы гэтаму «колькасць абаронцаў радзімы павялічыцца ў разы», і ўсе ўбачаць, што ў Беларусь «не варта сунуцца».
Праз некалькі дзён, 3 чэрвеня 2022 года, пра сваю ідэю стварэння апалчэння ўспомніў і сам Лукашэнка. Ён расказаў, што на думку яго навёў досвед Украіны.
«Я падумаў, што нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэнне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінныя мець сваю зброю дзесьці на складзе. Мы іх прызываем для навучання — яны возьмуць свае аўтаматы (у асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет), каб маглі абараніць свой дом», — патлумачыў сваю ідэю Лукашэнка і адзначыў, што «бескантрольнай раздачы зброі» быць не мусіць.
На апалчэнне ў Лукашэнкі, мяркуючы з усяго, вялікія планы: яшчэ ён заявіў, што ў выпадку вайны такія атрады могуць пайсці партызаніць.