Прыняцце свайго цела можа быць цяжкім працэсам, але гэта важны крок на шляху да паляпшэння самаацэнкі і якасці жыцця. Пры гэтым часам бывае цяжка адказаць, дзе мяжа паміж простым імкненнем прыстойна выглядаць і жаданнем палепшыць свой выгляд нягледзячы ні на што. Ці ёсць гэтая мяжа ўвогуле? Ці можна любіць сябе як асобу, але ненавідзець знешнасць? «Люстэрка» задала пытанні на гэтую тэму псіхолагу і папрасіла параіць, якія метады дапамогуць пачаць прымаць сябе.
Імя суразмоўніцы не называецца з меркаванняў яе бяспекі. Яна практыкуе гештальт-тэрапію тры гады і спецыялізуецца на цялесна-арыентаванай псіхатэрапіі. Сутнасць такой тэрапіі — у адзінстве цела і псіхікі.
Чаму мы ўвогуле можам не любіць сваё цела?
Дзеці вераць таму, што ім кажуць адказныя за іх дарослыя. Гэта праца эвалюцыйнай праграмы выжывання, таму, сцвярджае псіхолаг, роля бацькоў і іншых сваякоў у фармаванні нелюбові да свайго цела каласальная.
— Яны расказваюць нам пра жыццё, пра нас саміх, даюць ацэнкі з’явам і іншым людзям, і таму мы на падсвядомым узроўні думаем пра сябе праз ацэнку нашай сям'і, — гаворыць экспертка. — І калі, напрыклад, маці скажа мне, што вушы ў мяне вялікія, а нос крывы, гэта будзе тая праўда, з якой я далей пайду ў свет.
Крытычны позірк на дзіця памылкова лічыцца нармальным спосабам выхавання: быццам калі мы будзем акцэнтаваць увагу на яго ці яе станоўчых баках, то атрымаем распешчаную асобу. Але такое стаўленне да дзіцяці, наадварот, забярэ ў яго пазітыўнае самаадчуванне, і галоўнай яго мэтай тады стане жаданне падабацца іншым, а не сабе. Калі чалавек імкнецца падабацца вонкаваму назіральніку, пастаянна пытае сябе: «Які я для іншых: ці дастаткова прыгожы, прыемны?» — галоўнай апорай самаадчування будзе ацэнка збоку. Здаровым жа будзе задаваць сабе пытанне: «Які я для сябе?» Тады, па словах спецыялісткі, рэгуліроўка стану нашага цела будзе абапірацца на ўяўленні пра наш камфорт.
Але не толькі непасрэдная крытыка можа «дапамагчы» не прыняць сваё цела. Гэтаксама спрацуе прыклад таго, з якой нянавісцю ставіцца да свайго цела дарослы чалавек побач: праз назіранне дзіця можа вырашыць, што такое стаўленне да сябе — норма.
— Сонейка ўзыходзіць на ўсходзе, сваё цела трэба ненавідзець — менавіта гэта мы засвоім як мадэль паводзінаў у такім выпадку, — падкрэслівае псіхолаг. — Не будзем забываць, што ў дарослым жыцці такая мадэль можа падмацавацца ўплывам інтэрнэту, асабліва калі цела не адпавядае стандартам прыгажосці.
Карцінкі з інстаграма абавязкова будуць уплываць на нас — так прадугледжвае эвалюцыя. Як гэта працуе?
— Мы сацыяльныя жывёлы, і для нас важна быць часткаю нашага племені, — тлумачыць псіхолаг. — Калі ў племені заведзена быць падобнай да Барбі, а нашую знешнасць такой назваць нельга, гэта таксама можа стаць падставай для ўнутранага канфлікту. Ратунак ляжыць у трэндзе на бодзіпазітыў. Нам важна бачыць, што ёсць не толькі племя «тых, хто выглядае як Барбі», але і тых, хто за натуральнасць якой яна ёсць. Такім чынам, у чалавека з’яўляецца магчымасць выбраць, да якой супольнасці належаць, і «запісаць» сваё цела да яе нормы.
Дзе мяжа паміж доглядам сябе і перапрацоўкай цела пад ідэал?
Паводле суразмоўніцы, на мяжы паміж прыняццем сябе і вырачэннем сябе стаіць сорам. Гэта можна разгледзець на прыкладзе галення ног.
— Калі я магу без сораму дайсці да крамы незалежна ад стану маіх ног — няважна, наколькі яны валасатыя ці калючыя, — то мы кажам пра прыняцце, — адзначае псіхолаг. — Калі я аднолькава сімпатычная для сябе і з голенымі нагамі, і з зарослымі, але перавагу аддаю голеным, то гэта таксама пра прыняцце.
Тое самае будзе са спортам. Трэніроўкі толькі праз пачуццё нянавісці да цела, віну ці ўнутраны прымус не будуць здаровым стаўленнем да сябе.
— Пра прыняцце будзе сведчыць матывацыя падтрымання свайго цела ў тонусе і адчуванне асалоды ў працэсе ад усведамлення, як шмат цела можа зрабіць, — лічыць экспертка.
Ці можна любіць у сабе ўсё, акрамя цела?
Паводле псіхолага, усю фізіялагічную, псіхічную, кагнітыўную дзейнасць выконвае нашае цела, таму аддзяліць сябе ад яго немагчыма. Непрыняцце свайго цела і любоў да сябе разам існаваць не могуць — гэта ўзаемавыключальныя паняцці, кажа спецыялістка.
— Часта сустракаецца такое, што кліент кажа: усё я ў сабе люблю, толькі вось мой нос раздражняе, сіл няма! Тады даводзіцца зазіраць у дзяцінства і шукаць, што там адбылося такога, каб цяпер менавіта гэтая частка цела неяк выбівалася, — расказвае суразмоўніца. — Усё, што мы знаходзім, звычайна траўматычнае і чужое. Умоўна — гэта не вы ненавідзіце свой нос, гэта вашая маці пастаянна казала, што ён такі самы, як у вашага бацькі, з якім яна пасварылася. У той момант, калі мы знаходзім, чый голас крытыкуе вас у вашай галаве, мы вяртаем крытыку па адрасе, паралельна яшчэ раз прагаворваючы, што негатыўнае стаўленне да свайго цела — цалкам віна крытыкі і ацэнкі збоку.
Як палюбіць сваё цела, калі яно ўсё ж не падабаецца?
— Вядома, я скажу, што варта звярнуцца па дапамогу да псіхолага ці псіхатэрапеўта, — усміхаецца экспертка, — бо псіхатэрапія дапамагае палюбіць сябе, аб’яднацца са сваім целам, прыняць сябе, асабліва калі мы размаўляем пра траўматычны досвед. Але ёсць дзейсныя інструменты самадапамогі, калі вы разумееце, што яшчэ не гатовыя гаварыць на гэтую тэму са спецыялістам.
- Працаваць з «унутраным крытыкам». Гэта значыць не толькі не пагаджацца з ім, але і цалкам усвядоміць, што крытык унутры вас — гэта не вы, а толькі голас, які акумулюе ўвесь мінулы негатыўны досвед. Нашыя думкі — гэта не факты, яны нас не вызначаюць. Напрыклад, крытык унутры сцвярджае, што вусны выглядаюць вельмі тонкімі, а значыць — непрыгожымі. Звычайна яго голас — голас дарослага, таму і вам застаецца як даросламу сказаць, што вы не згодныя, маеце іншае меркаванне і права яго прытрымлівацца.
- Навучыцца займаць «метапазіцыю», то-бок у праблемных сітуацыях станавіцца пабочным непрадузятым назіральнікам. Напрыклад, што б я сказала свайму найлепшаму сябру, калі б ён ставіўся да свайго цела так, як я цяпер да свайго? Я б таксама крытыкавала яго знешнасць ці была б больш памяркоўнай? Гэтак жа імкніцеся размаўляць і з сабой.
- Выкарыстоўваць «супрацьлеглае дзеянне». У момант, калі зноў хочацца назваць сябе непрыгожым ці непрыгожай, выказаць нянавісць да свайго цела, варта паспрабаваць апісаць сябе больш нейтральна, без ацэнкі, звярнуць увагу больш на функцыю цела, чым на яго выгляд. Так вы можаце пазбавіцца звычкі абражаць сваю знешнасць.
- Рухайцеся. Любая фізічная актыўнасць запускае выпрацоўку эндарфінаў, дапамагае наладзіць кантакт з целам дый проста робіць жыццё прыгажэйшым.
- Прайдзіце базавае абследаванне вашага арганізма, каб паглядзець на узровень гармонаў і вітамінаў, а потым дапамагчы свайму целу з медыцынскага боку пры неабходнасці. Калі, напрыклад, у вас не хапае жалеза ў крыві, то агульная стомленасць, санлівасць, раздражнёнасць не дадуць стаць на шлях прыняцця свайго цела.
Прыкметы нездаровага стаўлення да сваёй знешнасці

Паводле псіхолага, самай дакладнай прыкметай будзе наяўнасць выбару ў сітуацыях, звязаных з тым, што вы робіце для падтрымання формы і знешнасці.
— Правяраць сябе можна па наступных пытаннях: ці магу я сёння прапусціць трэніроўку без таго, каб жэрці сябе за гэта віной і кампенсаваць потым удвая? Ці магу выйсці з дому без макіяжу і не баяцца асуджэння? Ці магу сабе дазволіць выглядаць у нейкі дзень на «тройку», а ў іншы — на «дзясятку» і пачувацца аднолькава годна? Калі вы не можаце адказаць на гэтыя пытанні цвёрдым «так», то ёсць з чым папрацаваць, — упэўненая суразмоўніца.
Таксама звяртайце ўвагу на тое, якое месца займае вашая знешнасць і клопат пра яе ў спісе спраў на дзень. Калі жыццё пачынае круціцца толькі вакол beauty-працэдур — гэта трывожны знак, лічыць псіхолаг.
— Дадаткова можна сачыць за прагрэсіяй крытэрыяў. Напрыклад, раней дастаткова было трэніравацца тры разы на тыдзень, а цяпер вам хочацца ледзь не два разы на дзень, — прыводзіць прыклад экспертка. — Ці ў мінулым вы спакойна маглі выходзіць без макіяжу, а цяпер не можаце глядзець на сябе без «стрэлак».
Ці існуе нейкае «канчатковае» прыняцце сябе?
— У кожнай гісторыі непрыняцця свайго цела ёсць свой пачатак, развіццё, прычыны. Амаль заўсёды можна іх знайсці, вылучыць і разабраць. Вярнуць сабе сваё цела і асалоду ад валодання ім можна, — гаворыць псіхолаг. — Але, як і кожны працэс перабудовы, канчатковае прыняцце сябе будзе працэсам складаным, бо для аналізу і сумневу ў сваіх перакананнях мы выкарыстоўваем тую самую галаву, у якой гэтыя шкодныя перакананні жывуць як ісціна.
Паводле эксперткі, звычайных гігіенічных працэдур і клопату пра сваё здароўе часцей за ўсё будзе дастаткова, каб добра выглядаць у любым грамадстве. Але калі хочацца пафарбаваць валасы, зрабіць незвычайны макіяж ці мець кубікі на прэсе, у гэтым таксама няма нічога страшнага.
— Калі ўсё робіцца без прымусу і гвалту, а з цікавасцю да магчымасцяў свайго цела, гэта прыкмета прыняцця сябе, — кажа псіхолаг.