Марына Ментусава, асветніца на тэму гендарнай роўнасці і вядоўца YouTube-шоу «Обычное утро», расказала ў сацсетцы Х пра тое, што з ёй расстаўся яе партнёр. Ён, відаць, не здолеў змірыцца з адной яе звычкай, піша «Наша Ніва».
Марына расказвае, што нядаўна ўпершыню пасля разводу вырашыла завесці адносіны. Яна пачала сустракацца з палякам: «Здаецца, амаль Еўропа, прагрэсіўны чалавек — вада мокрая, трава зялёная, жанчын гвалтаваць нельга».
У пачатку адносін пара сур’ёзна абмеркавала асабістыя межы, і Марына кажа, што тады абараніла некалькі важных для яе рэчаў — магчымасць свабодна весці сацсеткі, насіць чырвоныя сукенкі і публікаваць у сетцы адкрытыя фота, у тым ліку з голымі ягадзіцамі.
Тым не менш прыкладна раз на тыдзень Марына заўважала з боку свайго партнёра дзеянні, якія можна было лічыць «трывожнымі сігналамі», але той прасіў прабачэння, і адносіны працягваліся. Напрыклад, мужчына спрабаваў абмежаваць Марыну ў тым, што яна посціць у Instagram, у тым ліку прымусіць яе адмовіцца ад публікацыі адкрытых фота, а таксама шмат распытваў пра колькасць яе полавых партнёраў.
Марына таксама прыводзіць яшчэ некалькі фразаў былога, якія, як яна цяпер разумее, мусілі яе насцярожыць. Напрыклад, калі яна збіралася на сустрэчу з кімсьці, ён пытаўся, сустрэча будзе з мужчынам ці з жанчынай. Таксама ён лічыў, што жанчыны, якія публікуюць нюдсы, «прадаюць сябе», і казаў, што ведае, «наколькі ён добры і што можа прапанаваць».
Нягледзячы на гэта, адносіны ўсё роўна падаваліся добрымі, піша Марына: «Пры гэтым чалавек казаў пра нейкае шалёнае пачуццё кахання і пра тое, што я найлепшая ў свеце, што ён хоча сям’ю са мной і ніколі нікога не раўнаваў. Гэта такая бліскучая локшына, што я павялася і зусім забыла праверыць — закаханы ён у мяне ці ў тую версію мяне, якую сам сабе прыдумаў».
Рэальная ж версія Ментусавай, паводле яе словаў, «часам скача на барных стойках і посціць дзёрзкую ср*ку» ў сацсетках.
Скончылася гісторыя тым, што паляк вырашыў разарваць адносіны з Марынай і матываваў гэта тым, што яна выкладвала ў сеціва кадры са сваімі ягадзіцамі. Сама яна з гумарам піша, што пакуль не зрабіла ўсіх высноваў з гэтай сітуацыі, але вырашыла публікаваць такія здымкі часцей, каб загадзя адсяваць мужчын з поглядамі як у яе былога, бо «асабістыя межы — гэта база».
Трэд Ментусавай сабраў больш за 350 тысяч праглядаў і каля сотні каментароў. Многія асудзілі мужчыну — маўляў, страціў шыкоўную жанчыну, яму ж будзе горш.
Чытайце таксама