У Міністэрстве абароны Расіі заявілі пра поспехі ў адбіцці атак УСУ на Паўднёва-Данецкім, Запарожскім і Данецкім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што на Бахмуцкім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць ля Ягаднага і Бярхоўкі. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі пра ўдар УСУ па расійскай дывізіі, які шакаваў ваенкараў.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 477-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Армія РФ нанесла за суткі 38 авіяцыйных удараў па Украіне
За мінулыя суткі Расія нанесла ракетна-авіяцыйны ўдар па Украіне, выкарыстаўшы шэсць крылатых ракет паветранага базавання Х-22, чатыры крылатыя ракеты марскога базавання «Калібр» і сем іранскіх ударных дронаў тыпу Shahed. З іх знішчаныя тры крылатыя ракеты «Калібр» і шэсць дронаў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
Усяго за мінулыя суткі армія РФ нанесла 38 авіяцыйных удараў, а таксама правяла каля 52 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
— Расійскія войскі па-ранейшаму засяродзілі асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — за мінулыя суткі тут адбылося 49 баявых сутыкненняў з праціўнікам.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія сілы нанеслі авіяўдары па чатырох населеных пунктах, з мінамётаў і артылерыі абстралялі 28 населеных пунктаў Сумскай, Чарнігаўскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку праціўнік нанёс авіяўдар у раёне Кіслоўкі Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся сем населеных пунктаў на Харкаўшчыне і ў Луганскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Вясёлага. Нанёс авіяўдар каля Іванаўкі Данецкай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся восем населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць ля Ягаднага і Бярхоўкі, але беспаспяхова. Нанеслі авіяўдары ў раёнах шасці населеных пунктаў, з артылерыі абстралялі 12 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку праціўнік праводзіў наступальныя дзеянні ў кірунку Аўдзееўкі, поспеху не меў. Там жа і каля Навабахмутаўкі зафіксаваныя авіяўдары. З артылерыі армія РФ абстраляла раёны 11 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі ўсе атакі ў раёне Мар'інкі. Праціўнік з артылерыі абстраляў восем населеных пунктаў Данецкай вобласці, у тым ліку Мар'інку.
— На Шахцёрскім напрамку расіяне нанеслі авіяўдар непадалёк Залатой Нівы. Абстралялі дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі абараняюцца. З артылерыі абстралялі больш за 50 населеных пунктаў Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцей і горад Ачакаў Мікалаеўскай вобласці.
— Авіяцыя Сіл абароны за суткі нанесла 14 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за суткі пабілі 13 раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы, два пункты кіравання, тры зенітна-ракетныя комплексы і тры станцыі радыёэлектроннай барацьбы расійскіх войскаў.
У Генштабе заяўляюць, што на акупаваных тэрыторыях украінцаў працягваюць прымушаць атрымліваць грамадзянства Расіі.
«Так, у населеным пункце Каменка Запарожскай вобласці ў пачатку 2023 года акупанты шантажавалі работнікаў Цэнтра першаснай медыцынска-санітарнай дапамогі, што ў выпадку адмовы ад атрымання пашпарта РФ грашовае забяспечанне будзе зніжанае на 60 працэнтаў. Паколькі большасць работнікаў адмовілася ад атрымання дакументаў, захопнікі паведамілі пра закрыццё лекавай установы», — паведамілі ў Генштабе.
Мінабароны Расіі: Збілі два ўкраінскія знішчальнікі Су-27
«Сёння ноччу Паветрана-касмічныя сілы Расіі нанеслі ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага базавання па месцах вытворчасці ўдарных беспілотных лётных апаратаў. Усе прызначаныя аб’екты пабітыя. Мэта ўдару дасягнутая», — заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.
— Цягам сутак Узброеныя сілы Украіны працягвалі спробы наступаць на Паўднёва-Данецкім, Запарожскім і Данецкім напрамках.
- У раёне Урэмеўскага выступу за суткі адбітыя дзве атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Наваполь Данецкай вобласці і Ляваднае Запарожскай вобласці. Знішчаныя да 25 украінскіх вайскоўцаў і тры танкі.
- У раёнах населеных пунктаў Навадараўка Запарожскай вобласці, Няскучнае і Вялікая Навасёлка Данецкай вобласці нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы 128-й брыгады тэрытарыяльнай абароны, 31-й механізаванай і 1-й танкавай брыгад УСУ.
— На Запарожскім напрамку ўдарам ракетных войскаў нанесенае паражэнне падраздзяленням 47-й механізаванай брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Любіцкае Запарожскай вобласці. У раёне населенага пункта Амельнік Запарожскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 65-й механізаванай брыгады УСУ. У раёне населенага пункта Загорнае Запарожскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
Агульныя страты УСУ на гэтых напрамках за суткі склалі да 155 вайскоўцаў, тры танкі, дзве баявыя браніраваныя машыны, самаходная артылерыйская ўстаноўка Cezar, а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30.
— На Данецкім напрамку актыўнымі дзеяннямі Паўднёвай групоўкі войскаў цягам сутак адбітыя пяць атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Раздолаўка, Першамайскае, Краснагораўка і Мар'інка Данецкай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Арцёмава, Званаўка, Выемка і Аўдзееўка ўдарамі ракетных войскаў і авіяцыі нанесенае паражэнне падраздзяленням 24-й, 54-й і 110-й механізаваных брыгад УСУ.
Падчас баёў на гэтым напрамку за суткі знішчаныя да 340 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі, а таксама гаўбіца Д-30. Знішчаныя склады боепрыпасаў 24-й механізаванай, 79-й дэсантна-штурмавой і 47-й артылерыйскай брыгад УСУ.
— На Купянскім напрамку авіяцыяй, артылерыяй Заходняй групоўкі войскаў пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Масютоўка, Малчанава, Кіслоўка і Бераставое Харкаўскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Сінькоўка Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці знішчаныя дзве ўкраінскія дыверсійна-разведвальныя групы.
Страты УСУ на гэтым напрамку за суткі склалі да 30 вайскоўцаў, два аўтамабілі, а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці, а таксама Серабранскага лясніцтва. У раёнах населеных пунктаў Тэрны і Кузьміно Луганскай абласцей спыненая дзейнасць дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
За суткі знішчаныя больш за 50 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Акацыя» і «Гваздзік», а таксама гаўбіца Д-30.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя больш за 35 вайскоўцаў УСУ, 11 аўтамабіляў, а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 105 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 132 раёнах. У раёне населенага пункта Камышаваха Данецкай вобласці пабіты камандны пункт 128-й горна-штурмавой брыгады УСУ. Збітыя два самалёты Су-27 Паветраных сіл Украіны, перахопленыя пяць рэактыўных снарадаў сістэм залпавага агню HIMARS і «Ураган». Знішчаныя 25 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Расія для абароны ад контрнаступлення УСУ перакінула свае верталёты ў акупаваны Бярдзянск
Украінскія сілы працягвалі контрнаступальныя дзеянні як мінімум на трох напрамках і 14 чэрвеня дамагліся поспехаў. Эксперты амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW) у свежай справаздачы звяртаюць увагу на заявы намесніцы міністра абароны Украіны Ганны Маляр, што ўкраінскія войскі прасунуліся ад 200 да 500 метраў на асобных участках Бахмуцкага фронту і ад 300 да 350 метраў на Запарожскім напрамку.
Расійскія ваенкары паведамляюць, што ўкраінскія сілы працягваюць контратакаваць на паўночна-заходняй, паўночна-ўсходняй і паўднёва-заходняй ускраінах Бахмута. Украінскія і расійскія крыніцы дадаткова паведамілі, што баявыя дзеянні працягваліся ў заходняй частцы Данецкай вобласці, асабліва ў раёне Макараўкі і ў заходняй частцы Запарожскай вобласці на поўдзень ад Арэхава. Прэс-сакратар Украінскай групы войскаў «Таўрыйск» Валерый Шэршань адзначыў, што ўкраінскія сілы на Таўрычаскім (Запарожскім) напрамку аддаюць прыярытэт ударам па расійскіх сістэмах радыёэлектроннай барацьбы, а ISW раней ацэньваў, што расійскія магчымасці РЭБ маюць вырашальнае значэнне для ўскладнення ўкраінскіх атак на гэтым участку фронту.
Расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы нанеслі ўдар па дывізіі 20-й агульнавайсковай арміі (Заходняя вайсковая акруга) у раёне Крамянной Луганскай вобласці. Вайскоўцы на пляцы чакалі выступу камандуючага, калі трапілі пад удар. Гэты факт выклікаў незадаволенасць блогераў што да расійскіх камандзіраў.
Як адзначаюць у ISW, яны не змаглі пацвердзіць, якая з дывізій, што знаходзяцца ў гэтым рэгіёне, была пабітая ўкраінскімі войскамі. Расійскія крыніцы сцвярджалі, што дывізія прачакала дзве гадзіны ў адным месцы, чакаючы прыбыцця камандуючага 20-й агульнавайсковай арміяй генерал-маёра Сухраба Ахмедава. Адзін блогер выказаў здагадку, што ў выніку ўдару ўкраінскай HIMARS загінулі каля 100 расійскіх вайскоўцаў і яшчэ 100 былі параненыя, хоць ISW не назіраў ніякіх візуальных пацверджанняў удару або яго наступстваў.
Аналітыкі адзначаюць, што блогеры справядліва раскрытыкавалі няўдалае рашэнне сканцэнтраваць вялікую колькасць расійскіх сіл у межах дасяжнасці ўкраінскага агню цягам такога доўгага часу. Гэта нагадвае папярэднія безадказныя рашэнні расійскага камандавання, якія прывялі да значных стратаў, напрыклад, удар Украіны 31 снежня 2022 года па канцэнтрацыі буйных расійскіх сіл у Макееўцы Данецкай вобласці. Расійскія ваенкары і раней заклікалі прыцягваць расійскае вайсковае кіраўніцтва да адказнасці за такое. Адзін з блогераў нават заклікаў расстрэльваць адказных камандзіраў на вачах у сваіх фарміраванняў, будуць гэта палкоўнікі або генералы, нагадваюць эксперты.
У справаздачы таксама звяртаецца ўвага на «супярэчлівыя паведамленні» пра стан дэпутата расійскай Думы і камандуючага чачэнскім аддзяленнем Расгвардыі Адама Дэлімханава. Некаторыя крыніцы сцвярджалі, што Дэлімханаў быў забіты ці паранены ва Украіне, іншыя, уключаючы кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава, — што Дэлімханаў жывы і цэлы. ISW не знайшоў ніякіх візуальных доказаў, якія пацвярджаюць або аспрэчваюць супярэчлівыя сцверджанні пра стан Дэлімханава.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- 14 чэрвеня расійскія войскі нанеслі ракетныя і беспілотныя ўдары па тэрыторыі Украіны;
- расійскія войскі вялі абмежаваныя наземныя атакі на Купянскім напрамку і на поўдзень ад Крамянной;
- украінскія і расійскія войскі працягвалі наземныя атакі ў раёне Бахмута;
- расійскія сілы працягвалі абмежаваныя наземныя атакі на лініі Аўдзееўка — Данецк;
- украінскія сілы працягвалі контрнаступальныя дзеянні паблізу адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей і, як паведамляецца, па стане на 14 чэрвеня дамагліся поспехаў у гэтым раёне;
- 14 чэрвеня ўкраінскія сілы працягнулі абмежаваныя наземныя атакі на захадзе Запарожскай вобласці;
- паводле спадарожнікавых здымкаў, расійскія верталёты, якія абараняюць ад украінскіх контрнаступальных аперацый на поўдні Украіны, імаверна, перакінутыя на аэрадром у Бярдзянску Запарожскай вобласці;
- расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць намаганні па ўмацаванні эканамічнага кантролю над акупаванымі тэрыторыямі.