У Курскай вобласці Расіі абвешчаная ракетная небяспека пасля спробы прарыву мяжы ўкраінскімі вайскоўцамі, заявіў часовы выканаўца абавязкаў губернатара рэгіёна Аляксей Смірноў. Паведамляецца пра загінулых і пацярпелых, сярод іх — дзеці.
Цягам апошніх сутак Курская вобласць РФ «гераічна супрацьстаіць атакам» УСУ, якія паспрабавалі прарваць мяжу, напісаў у сацсетках Аляксей Смірноў раніцай 7 жніўня. Усе экстранныя службы рэгіёна пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым працы, у бальніцах папаўняюць запас донарскай крыві.
Напярэдадні вечарам чыноўнік неаднаразова абвяшчаў ракетную небяспеку ў Курскай вобласці і папярэджваў пра рызыку атакі беспілотнікаў. Тры БПЛА ўжо былі збітыя ў рэгіёне цягам аўторка. Адзін з дронаў трапіў у машыну хуткай дапамогі, загінулі кіроўца і фельчар, паранены доктар. Яшчэ адна жанчына загінула ў горадзе Суджы падчас абстрэлу.
Усяго ў рэгіёне пацярпела не менш за 20 чалавек, сярод іх шасцёра дзяцей.
Напярэдадні, 6 жніўня, Аляксей Смірноў заявіў пра «спробы прарыву» Узброеных сіл Украіны на тэрыторыю Курскай вобласці РФ. Таксама пра баі на мяжы паведамлялі Z-паблікі.
Інфармацыю пра прарыў пацвердзіла Міністэрства абароны РФ. Там заявілі, што ўкраінскія вайскоўцы пасля агнявой падрыхтоўкі атакавалі пазіцыі расійскіх падраздзяленняў у раёнах населеных пунктаў Мікалаева-Дар'іна і Алешня Курскай вобласці, туды былі скіраваныя рэзервовыя войскі.
У спробе прарыву ўдзельнічала да 300 вайскоўцаў са складу 22-й механізаванай брыгады УСУ пры падтрымцы 11 танкаў і больш за 20 баявых браняваных машын, сцвярджаюць у расійскім абаронным ведамстве.
«У выніку агнявога паражэння знішчаныя 16 адзінак бранятэхнікі УСУ, у тым ліку: шэсць танкаў, дзве баявыя машыны пяхоты, чатыры бронетранспарцёры, тры баявыя браняваныя машыны „Казак“ і інжынерная машына разгароджання», — гаворыцца ў паведамленні.
У Мінабароны РФ заявілі пра «эфектнае выкарыстанне авіяцыі па бранятэхніцы праціўніка» і паказалі кадры паражэння баявых машын УСУ.
Раней расійскае вайсковае ведамства напісала ў сваім тэлеграм-канале, што тыя, хто зайшоў на тэрыторыю Курскай вобласці РФ, панеслі страты і адступілі, але потым адрэдагавала паведамленне. У пасце застаўся толькі фрагмент пра нанясенне «войскам Украіны агнявога паражэння». Увагу на гэта звярнула ўкраінскае агенцтва УНІАН.
Да гэтага пра «захады па адбіцці ўзброенай агрэсіі» УСУ ў Курскай вобласці паведаміла ФСБ РФ. Дзеянні ўкраінскага боку ў спецслужбе назвалі «ўзброенай правакацыяй».
Як піша праваенны тэлеграм-канал «Рыбарь», у Суджанскім раёне Курскай вобласці склалася «цяжкая сітуацыя»: украінскім вайскоўцам удалося замацавацца ў памежнай зоне, нягледзячы на інтэнсіўныя ўдары і атакі расійскіх войскаў. Паведамляецца, што на падкантрольнай УСУ тэрыторыі рэгіёна знаходзіцца да 400 украінскіх вайскоўцаў, а іх камандаванне працягвае перакідваць рэзервы на ўчастак.
«Усяго ўздоўж мяжы камандаванне УСУ сканцэнтравала да дзвюх тысяч удзельнікаў украінскіх фарміраванняў», — піша аўтар канала.
Таксама сцвярджаецца, што ўкраінцы дыстанцыйна замініравалі трасу Суджа — Беліца, ускладняючы эвакуацыю насельніцтва і перакідванне падраздзяленняў расійскіх УС.
З боку Украіны пакуль не было ніякіх пацверджанняў, што УСУ вядуць баі ў памежжы Курскай вобласці РФ.