Кіраўнік Генеральнага штаба РФ генерал Валерый Герасімаў на мінулым тыдні правёў «вельмі незвычайную» тэлефонную размову са старшынёй Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генералам Чарлзам Браўнам. Гэта адбылося пасля ўдару расійскай балістычнай ракетай «Арэшнік» па Украіне, паведамляе New York Times.
Сцвярджаецца, што бакі абмеркавалі шэраг пытанняў у сферы бяспекі, у тым ліку вайну ва Украіне.
Пры гэтым, як паведаміла неназваная крыніца ў Пентагоне, Герасімаў заявіў амерыканскаму калегу, што запуск новай расійскай балістычнай ракеты «Арэшнік» быў запланаваны задоўга да таго, як адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна дазволіла Украіне выкарыстоўваць ATACMS для ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расіі.
Як піша ABC, прэс-сакратар Браўна Джэрыл Дорсі пацвердзіў факт тэлефоннай размовы двух генералаў. Паводле яго, яны стэлефанаваліся яшчэ 27 лістапада, аднак на просьбу Герасімава Браўн пагадзіўся «не выдаваць змест размовы са сваёй ініцыятывы».
Акрамя таго, паводле звестак выдання, кіраўнік Генштаба РФ папярэдзіў Браўна пра наступныя выпрабавальныя пускі расійскіх гіпергукавых ракет у Міжземным моры і прапанаваў амерыканскім караблям адысці на бяспечную адлегласць. Пра правядзенне гэтых вучэнняў Мінабароны Расіі афіцыйна паведаміла 3 снежня.
Падкрэсліваецца, што гэта першая размова двух генералаў з таго часу, як Браўн летась узначаліў Аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў ЗША: апошні раз Герасімаў камунікаваў з яго папярэднікам Маркам Мілі.
Нагадаем, паводле заявы камандавання Паветраных сіл Украіны, Расія раніцай 21 лістапада нанесла ўдар балістычнай ракетай па горадзе Дняпры. У гэтым горадзе знаходзіцца завод «Южмаш» — буйное ўкраінскае прадпрыемства па вытворчасці ракетна-касмічнай тэхнікі і іншай навукаёмістай прадукцыі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што армія РФ ударыла па Украіне адной з найноўшых ракетных сістэм сярэдняй далёкасці — балістычнай ракетай у бяз’ядзерным абсталяванні пад назвай «Арэшнік». Пры гэтым ён назваў выпрабаванні гэтай ракетнай сістэмы ў баявых умовах «адказам на агрэсіўныя дзеянні краін NATO».
Незадоўга да гэтага, 19 лістапада, УСУ атакавалі Бранскую вобласць шасцю амерыканскімі ракетамі ATACMS — гэта быў першы выпадак выкарыстання Украінай ракет заходняй вытворчасці за межамі акупаваных рэгіёнаў і анексаванага Крыма. 21 лістапада былі выкарыстаныя брытанскія Storm Shadow на тэрыторыі Курскай вобласці.
Чытайце таксама